5 снежня 2025, Пятніца, 9:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генералы наклікалі бяду на Лукашэнку

1
Генералы наклікалі бяду на Лукашэнку

Момант быў выбраны падступна.

«Вось не дарма, аказваецца, генералы лякалі манстрам НАТА. Тачыў ён-такі зубы гусеніцамі на мяжы. Яны лякалі-лякалі, лякалі-лякалі, лякалі-лякалі, а яно вось і пачалося. Ударылі дроном проста па стабільнасці», — піша тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»:

— І не абы-якім дроном. А «самалётнага тыпу, які можа несці баевую частку». Ён, праўда, баевую частку не нёс, але нёс тое, што куды горш за любую баевую частку — наклейкі ў забароненых колерах. І пагадзіся, што наклейкі ў забароненых колерах для стабільнасці куды небяспечнейшыя за любую баевую частку.

І звярні ўвагу, які падступны выбралі момант. Калі гарант, у якога тэрмін мінае, з двума сынамі быў у Амане, трэці сын у яго ў Інданезіі, а сакратар бяспекі Валфовіч — у В'етнаме. То-бок за стабільнасцю нават не было каму прыгледзець.

Але нічога. Стабільнасць справілася. Яна здолела гэта перажыць. Было цяжка, але здолела. Мабілізавала лепшыя сілы, што ў яе засталіся, і выжыла. Генерала Тэртэля мабілізавала, і міністэрства нібыта замежных спраў, і красаўцаў, і тэлевізар у поўным складзе. І гарант, у якога тэрмін мінае, таксама не пакінуў стабільнасць сам-насам з манстрам. З самога Амана трымаў яе за руку на пульсе.

Я, вядома, крыху здзіўляюся, чаму стабільнасць не мабілізавала генерала Хрэніна. Але, відаць, генерал Хрэнін быў занадта заняты — бараніў тылы стабільнасці ад нябачнай пагрозы НАТА. А дрон, можа, і маленькі, але ж бачны. А ад бачнай пагрозы генерал Хрэнін абараняць стабільнасць не наймаўся. Ад бачнай пагрозы могуць здарыцца непрыемныя наступствы для генеральскага арганізму.

Але нічога, справіліся і без генерала Хрэніна. Адбілі атаку дроном. Ну, то-бок, дрона яны, вядома, не адбілі — ён сам упаў. Бо адлюстраванне атак дронаў — гэта не нашы метады абароны стабільнасці.

Затое адказалі залпам вербальных інтэрвенцый з самых буйнакаліберных гармат. Літоўскаму паслу вось выказалі сваю рашучую незадаволенасць. Ну ты ў курсе: калі манстр НАТА збіраецца напасці, трэба выказаць рашучую незадаволенасць якому-небудзь паслу. Манстр тады спалохаецца і ні на каго нападаць не будзе.

Найлепш, вядома, схавацца ад манстра пад коўдру. Але гэта крайняя мера, якую трэба ўжываць толькі калі ўзровень пагрозы дасягне крытычнага.

Увогуле, бачыш, як яна спалохалася, стабільнасць. А гэта ж быў адзін маленькі дрон і тры наклейкі. А што яны будуць рабіць зімой, калі наклейкі раптам паляцяць касякамі? Бо яны ж самі цяпер падказалі літоўскаму паслу, чым можна адказаць на цыгарэтную кантрабанду.

А калі раптам і праўда адкажуць? Вось колькі наклейкаў у забароненых колерах можа вытрымаць стабільнасць у яе цяперашнім стане? Не адказвай. Сама стабільнасць не ў курсе. Але, судзячы з рэакцыі, яна, бачна, падазрае, што не вельмі шмат. Бо гэта ж такі вядомы парадокс: чым стабільнасць стабільнейшая, тым лягчэй яе зламаць якім-небудзь неасцярожным рухам.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках