5 снежня 2025, Пятніца, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці магчымы «эфект Долінай» у Беларусі?

17
Ці магчымы «эфект Долінай» у Беларусі?

У Мінску знайшлі такую ж гісторыю.

У сацсетках шырока вядомы «эфект Долінай» — гісторыя пра тое, што расійская спявачка прадала кватэру «пад уплывам махляроў», а потым змагла вярнуць яе праз суд. Пры гэтым пакупніца засталася і без грошай, і без жылля. Гэта абурыла людзей, у адказ яны пачалі «адмяняць» Ларысу Доліну ў сацсетках. Тым часам у расійскіх судах пачалі разглядаць падобныя справы. Ці магчыма такая сітуацыя ў Беларусі, дзе штомесяц рэгіструюць да 11 тысяч здзелак з нерухомасцю? «Зеркало» задало гэтае пытанне юрысту і знайшло аналагічны выпадак з Мінска.

Што за «эфект Долінай»?

Нагадаем, вясной 2024 года народная артыстка Расіі Ларыса Доліна стала ахвярай махляроў. Пад выглядам супрацоўнікаў ФСБ і Расфінманіторынгу яны пераканалі яе прадаць пяціпакаёвую кватэру ў Маскве за 112 мільёнаў расійскіх рублёў (4,2 млн беларускіх рублёў, або 1,35 млн долараў па курсе Нацбанка РБ на той момант) і перавесці сродкі на «бяспечныя» рахункі. Пакупніца Паліна Лур’е не мела дачынення да махлярства і асабіста сустракалася са спявачкай для афармлення здзелкі.

У сакавіку 2025 года суд вярнуў кватэру Долінай, прызнаўшы, што ў той момант яна не магла ўсведамляць свае дзеянні. Ёй дазволілі не вяртаць грошы — Лур’е прапанавалі патрабаваць кампенсацыі страт з махляроў, на рахункі якіх спявачка і адправіла грошы. Некалькі з іх, дарэчы, атрымалі ад чатырох да сямі гадоў калоніі.

Такое рашэнне выклікала хвалю крытыкі ў сацсетках і прывяло да байкоту спявачкі. Пасля гэтага выпадку прадаўцы кватэр сталі часцей заяўляць, што прадалі жыллё «пад уплывам махляроў», і праз суд патрабаваць вярнуць ім нерухомасць. На канец лістапада 2025 года, паводле даных расійскай Федэральнай палаты адвакатаў, у судах суседняй краіны разглядалася не менш за 150 такіх спраў.

«Пакупнік кватэры не можа і не павінен правяраць, на што прадавец хоча патраціць грошы»

Ці магчыма такое ў Беларусі? «Зеркало» звярнулася да адваката з досведам працы ў сферы нерухомасці. Ён адказаў на ўмовах ананімнасці.

— На маю думку, у большасці выпадкаў для прызнання такой здзелкі несапраўднай (ці нікчэмнай) няма прававых падставаў. Паводле агульнага правіла закон зыходзіць з таго, што добрасумленнага набывальніка нельга адвольна пазбавіць права ўласнасці на купленую кватэру, — лічыць спецыяліст.

Беларускае заканадаўства прадугледжвае, што здзелка, заключаная «пад уплывам падману», можа быць прызнана судом несапраўднай. Аднак, на думку суразмоўцы, у гісторыі з Долінай прынцыпова важна зразумець, хто каго ўвёў у зман. У дадзеным выпадку ахвярай махляроў стала прадавачка нерухомасці — менавіта яна можа быць пацярпелай у адпаведнай крымінальнай справе.

— Пакупнік жа кватэры не можа і не павінен правяраць, на што прадавец хоча патраціць грошы, атрыманыя ад продажу, — лічыць адвакат. — Вядома, гэта не датычыць выпадкаў, калі ён мае нейкую сувязь з махлярамі (тут ужо зусім іншая сітуацыя).

Суразмоўца адзначае: у беларускай практыцы бываюць выпадкі прызнання здзелак куплі-продажу нерухомасці несапраўднымі. Каб гэтага пазбегнуць, існуюць рэкамендацыі юрыстаў і спосабы праверыць кантрагента. Напрыклад, можна заказаць псіхолага-псіхіятрычную экспертызу для прадаўца, каб пазбавіцца рызыкі наступнага разбіральніцтва адносна таго, ці ўсведамляў ён свае дзеянні.

— Аднак мне не вядомы ніводзін выпадак, калі б здзелку скасоўвалі толькі на тым падставанні, што прадавец дзейнічаў пад уздзеяннем тэлефонных махляроў — «пад бесперапынным псіхалагічным уздзеяннем», як указвае расійская спявачка ў апісанай справе, — кажа суразмоўца «Зеркала».

«Юрыдычны парадокс»

Калі суд усё ж прызнае здзелку несапраўднай або нікчэмнай, далей прымяняецца механізм рэстытуцыі — вяртанне да першапачатковага стану.

— Па сутнасці гэта азначае, што кожны з бакоў павінен вярнуць усё атрыманае: пакупнік вяртае прадаўцу нерухомасць, а той — заплачаныя за яе грошы, — тлумачыць адвакат і дадае, што на гэтым этапе бываюць складанасці. — Калі вярнуць кватэру часта не складае вялікай цяжкасці, то грошы могуць знікнуць бясследна, як і ў апісанай сітуацыі. Калі ж у прадаўца па нейкіх прычынах не засталося сродкаў, даводзіцца разлічваць толькі на прымусовае выкананне, якое расцягваецца на доўгія гады, і часта поўны разлік так і не адбываецца.

У выпадку Ларысы Долінай пакупніцы прапанавалі разбірацца з махлярамі самастойна.

— У апісанай сітуацыі таксама важна, што грошы павінен вяртаць менавіта прадавец, бо менавіта яму пакупнік іх і перадаваў і з ім меў дагаворныя адносіны. Пакупнік кватэры не ведаў і не павінен быў ведаць пра існаванне нейкіх трэціх асоб — махляроў. Перакладанне абавязку па вяртанні грашовых сродкаў на трэцюю асобу мне ўяўляецца юрыдычным парадоксам, — каментуе адвакат.

Гісторыя кватэры, прададзенай «пад уплывам падману». Што вырашыў беларускі суд?

«Зеркало» знайшло аналагічную кейсу Долінай гісторыю з Мінска ў беларускім банку судовых рашэнняў. Дакумент ананімізаваны — у ім не пазначаны рэальныя імёны ўдзельнікаў разбіральніцтва. Для прастаты выкладу мы далі ўдзельнікам выдуманыя імёны.

3 красавіка 2023 года Вольга заключыла з Ігарам дагавор куплі-продажу кватэры ў Мінску. Мужчына заплаціў за яе 52 тысячы долараў па курсе Нацбанка на той момант.

Па паперах Вольга выпісалася з жылплошчы і зарэгістравалася ў вёсцы. Але фактычна працягвала жыць у прададзенай кватэры і не вызваліла яе ў вызначаны тэрмін. У выніку новы ўласнік звярнуўся ў суд з патрабаваннем выселіць былую гаспадыню.

Падчас пасяджэння Вольга сцвярджала, што стала ахвярай махляроў. Паводле яе слоў, яна прадавала жыллё «пад уплывам падману з боку згаданых асоб», а насамрэч зусім не намервалася гэтага рабіць. Жанчына падала сустрэчны іск з патрабаваннем прызнаць дагавор нікчэмным і ўжыць наступствы несапраўднасці здзелкі — то бок вярнуць ёй права ўласнасці.

10 ліпеня 2023 года суд Ленінскага раёна Мінска разгледзеў абодва іскі. Суддзя стаў на бок Ігара — новага ўласніка. Довады Вольгі пра тое, што яе падманулі, не прынялі, а сустрэчны іск адхілілі цалкам.

У выніку суд пастанавіў выселіць жанчыну з кватэры без прадастаўлення іншага жылога памяшкання. Акрамя таго, з яе спагналі судовыя выдаткі на карысць Ігара: 1000 рублёў за аплату юрыдычнай дапамогі і яшчэ 111 рублёў дзяржпошліны.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках