Беларуска стала першай у свеце біятлоністкай у статусе бежанкі
7- 29.12.2025, 22:17
- 13,992
Дар’я Далідовіч паедзе на Кубак свету.
29 снежня біятланістцы Дар’і Далідовіч споўніўся 21 год. Яна кажа, што нічога не будзе загадваць. Беларуска, якой у роднай краіне «закрылі» кар’еру, рыхтуецца да дэбюту ў Кубку свету — галоўнай серыі спаборніцтваў у біятлоне. Выступаць яна будзе ў статусе бежанкі. Дар’я расказала MOST пра пераезд у Польшчу, пераход з лыжных гонкаў у біятлон і пра тое, чаму, калі б не бацька, магчыма, скончыла б са спортам.
Эміграцыя для Дар’і пачалася ў лютым 2022 года — незадоўга да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Разам з сям’ёй спартсменка апынулася ў Польшчы. Тут і стартавала біятлонная кар’ера беларускі, якая раней выступала ў лыжных гонках.
— У свой час я павінна была прайсці прагляд у біятлоне ў Уладзіміра Аленішкі, але трэнер з’ехаў у Літву (у 2025 годзе Аленішку пазбавілі віду на жыхарства ў Літве, прызнаўшы пагрозай для гэтай краіны. — Рэд.). Потым, як вы ведаеце, мне не давалі выступаць у Беларусі ў лыжных гонках. І калі прыехала ў Польшчу, то знакамітая лыжніца Юстына Кавальчык, якая тады працавала ў польскім біятлоне, прапанавала змяніць профіль. Я з радасцю згадзілася, — успамінае Дар’я.
У Далідовіч, якая ніколі не трымала ў руках вінтоўку, пачало атрымлівацца. Яна нават выйграла юніёрскі чэмпіянат Польшчы па летнім біятлоне. Але потым з-за ўнутраных арганізацыйных пытанняў Дар’я амаль на два гады засталася без вялікага спорту.
— Мне не дазволілі працаваць з маладзёжнай зборнай, — коратка кажа Дар’я, не называючы прычын. — Потым быў цяжкі перыяд. Часам прымушала сябе трэніравацца, але гэтага дакладна было недастаткова. Без канкурэнцыі немагчыма прагрэсаваць, ды і мне па характары вельмі цяжка працаваць адной.
«Пусціла слязу, калі даведалася пра канчатковы вынік»
Бацька Дар’і, знакаміты лыжнік Сяргей Далідовіч, вырашыў змагацца да канца за кар’еру дачкі. У выніку летась ураджэнка Беларусі стала першай у свеце біятлоністкай, якая атрымала права выступаць як бежанка. Далідовіч спаборнічала сярод юніёрак. Лепшы вынік — 32-е месца ў спрынце на чэмпіянаце свету.
— Вядома, без сур’ёзнай летняй падрыхтоўкі было цяжка. Закранала, што мяне апярэджваюць дзяўчаты маладзейшыя па ўзросце. Але я атрымала першы паўнавартасны спаборніцкі досвед.
З лета 2025 года былыя лыжніца трэніруецца з рэзервовай польскай камандай — за сродкі Міжнароднага алімпійскага камітэта, які выдзеліў стыпендыю на падрыхтоўку.


Гэтым зімой Дар’я перайшла на новы ўзровень і ўжо выступала сярод дарослых на Кубку IBU — другой па рангу серыі стартаў пасля Кубка свету. На этапе ў італьянскім Рыднаве Далідовіч нечакана заняла 11-е месца ў спрынце сярод 106 удзельніц, не дапусціўшы ніводнага прамахa.
— Я нават пусціла слязу, калі даведалася пра канчатковы вынік! Не верыла вачам… Напэўна, менавіта тады прыйшло разуменне, што ўсе пакуты апошніх гадоў былі недарэмныя! І адстралялася без прамахоў. Для мяне гэта на дадзены момант супердасягненне.
Дзякуючы 11-му месцу ў Рыднаве беларуска ў студзені наступнага года выступіць у кампаніі найлепшых біятлоністак — на Кубку свету.
— Даслоўна за дзень да нашай гутаркі атрымала пацвярджэнне, што магу стартаваць у спрынце ў нямецкім Обергофе. Вядома, гэта прыемна. Напэўна, мне яшчэ не па сілах складаць канкурэнцыю топавым біятланісткам, але буду змагацца з астатнімі. Ведаю, што з лыжным ходам у мяне ўсё нядрэнна. Аднак важная стабільнасць у стральбе.
«Літасць — апошняе, што мне трэба»
Далідовіч кажа, што яе не бянтэжыць абрэвіятура BRT (Biathlon Refugee Team — Біятлонная каманда бежанцаў), пад якой яна выступае.
— Ды якая з мяне бежанка… Хутчэй гэта мяне смешыць. Я адчуваю сябе часткай зборнай Польшчы, таму не важна, што там напісана ў пратаколе. А спартсмены з іншых каманд, можа, і хацелі б даведацца, што хаваецца за BRT, але пытанняў мне не задавалі.
Іншых «бежанцаў» у сусветным біятлоне пакуль няма. Дар’я ўспамінае, што неяк ёй паспачувалі з нагоды цяперашняга статусу.
— Гэта было прыкладна год таму. Звычайна за мяне атрымліваў акрэдытацыю трэнер зборнай Польшчы, а тут забыўся, і пайшла падаваць заяўку на спаборніцтвы сама. Дык прадстаўнікі зборнай Казахстана ўбачылі і пачалі казаць: «Ой, бядовая, яшчэ і акрэдытацыяй займаешся». Я толькі смяялася. Літасць — апошняе, што мне трэба.
«Падабаецца страляць, але не хапае досведу»
Паводле слоў Далідовіч, стральба лежачы ў яе ідзе «дастаткова добра». А вось са стральбой стоячы пакуль шмат пытанняў.
— Сухі трэнаж (трэніроўка стральбы без баевых патронаў. — Рэд.) мне надзвычай неабходны, хоць часам гэтыя мішэні ўжо і бачыць не магу. Пасля няўдалай стральбы парой так засмучаюся, што думаю пра лыжныя гонкі, дзе на выніковы рэзультат уплывае меней фактараў. А ў біятлоне можаш быць добра гатовы фізічна, але не пайшла стральба — і ўсё.
Праблема не толькі ў тым, што Дар’я трымае вінтоўку ў руках менш за два гады, — церпіць якасць самай зброі, што адчувальна адбіваецца на дакладнасці.
— Маёй цяперашняй вінтоўцы гадоў 30. Спадзяюся, у наступным сезоне атрымаецца памяняць хаця б ложу. Мяне вабіць страляць, але не хапае досведу, а з ім і канцэнтрацыі ў драбніцах: то спускавы кручок цягну не ў той момант, то плячо не так павярну. Трэнер кажа, што ўсё прыйдзе з часам.

Як бы там ні было, Дар’я не шкадуе, што змяніла від спорту.
— У лыжных гонках забівала манатоннасць. У біятлоне больш драйву.
«Часам цяжка з жартамі»
Дар’я кажа, што ўжо адчувае сябе сваёй у камандзе, з якой трэніруецца.
— Вядома, пакуль мая польская не ідэальная. Дзесьці магу саромецца пагаварыць на неспартыўныя тэмы. Часам цяжка з жартамі: перакладаю з рускай на польскую, а людзі не смяюцца. Потым разумею, што даслоўны пераклад тут не дарэчны. Але амаль з усімі добра камунікую.
Далідовіч хацела б у будучыні прадстаўляць Польшчу.
— Мясцовая федэрацыя біятлону мною зацікаўленая. У нас былі размовы пра магчымасць атрымаць польскі пашпарт. Неўзабаве буду падаваць дакументы, а там застанецца чакаць. Думаю, усё рэальна.

«Бацька зрабіў усё правільна»
У перапынках паміж трэніровачнымі зборамі і спаборніцтвамі Далідовіч працуе ў Закопаным пад кіраўніцтвам бацькі. Дар’я яму вельмі ўдзячная.
— Калі б не ён, дык даўно б скончыла з гэтым спортам. Тата так верыць у мяне! Ведаеце, раней мне было цяжка з ім трэніравацца. Тата больш глядзеў на мяне як на спартсменку, а не дачку. Так было і ў хатняй абстаноўцы: пастаянныя размовы пра спорт. Гэта ціснула: мне хацелася найперш бацькоўскай апекі. Думаю, сёння лепш знаходзім баланс. Дарэчы, бачу, што ў Польшчы ў спартыўнай школе вучні яго вельмі любяць.

Дар’я ўспамінае, што для яе пачатак эміграцыі быў цяжкім. Яна сумавала па доме ў Мінску, па сяброўках, звыклым асяроддзі.
— Вядома, былі сваркі з бацькам на глебе пераезду. Тады мне не хапіла некалькіх месяцаў, каб давучацца ў школе… З цягам часу разумею, што ён зрабіў усё правільна. Калі спартсменка Далідовіч аказалася не патрэбная ў Беларусі, дык хай там кусаюць локці. Раней зачапляла такое стаўленне, а сёння нават удзячная людзям, якія паставілі на мне крыж. Дзякуй ім без усякага сарказму.
«Спорт дома амаль не гляджу»
У Польшчы сям’я Далідовічаў жыве зусім побач з Закопаным — у вёсцы Косцеліска. Дар’я прызнаецца, што сумуе па вялікіх гарадах.
— Калі б магла, дык пераехала б у ўмоўны Кракаў, Варшаву або Катавіцы. У Закопаным хапае турыстаў, якія катаюцца на лыжах або ходзяць у горы, але гэта ўсё роўна не тое. Парой хочацца бачыць больш людзей, адчуваць, што жыццё кіпіць. Хоць у біятлоне спаборніцтвы звычайна праходзяць якраз у месцах накшталт Косцеліска.
Далідовіч кажа, што ўмее «адключаць галаву» пасля трэніровак і выступленняў.
— Спорт дома амаль не гляджу. Але ў мяне няма асаблівых хобі. Могу кнігу пачытаць або пагуляць у гульні.
«Хацела паказаць сябе і апярэдзіць тых, каму прайгравала»
Паводле слоў Дар’і, яе бліжэйшая мэта — прагрэсаваць і пераўзысці свой найлепшы вынік.
— У гэтым сезоне я хацела паказаць сябе, атрымаць шанец поўнавартасна трэніравацца і апярэдзіць тых дзяўчат, каму прайгравала летась. Улётку са зборамі, напэўна, упершыню так жорстка трэніравалася. Часам здавалася, што цела не справіцца з нагрузкай. Але такая праца прынесла плады. Буду старацца паляпшаць стральбу і, спадзяюся, аднойчы змагу прайсці без прамахоў усе чатыры агнявыя рубяжы.
Беларуска не хавае, што марыць пра трапленне на Алімпійскія гульні. Праўдападобна, гэтага не адбудзецца ў 2026 годзе.
— Мы з трэнерам спрабавалі даведацца, ці магу выступіць ужо на Гульнях у Італіі ў цяперашнім статусе бежанкі. Аднак канкрэтнага адказу не дамагліся. Проста далі зразумець, што, маўляў, мне яшчэ рана.