Зяленскі і Мерц абмеркавалі вынікі перамоваў у Мар-а-Лага
- 29.12.2025, 22:05
- 1,020
Прэзідэнт Украіны правёў тэлефонную размову з канцлерам Германіі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў тэлефонную размову з канцлерам Германіі Фрыдрыхам Мерцам, падчас якой абмеркаваў вынікі перамоваў з амерыканскім лідарам Дональдам Трампам у ягонай рэзідэнцыі Мар-а-Лага (штат Фларыда). Пра гэта паведамілі ў панядзелак, 29 снежня, на сайце кіраўніка Украіны.
У публікацыі адзначаецца, што Зяленскі расказаў Мерцу «пра асноўныя акцэнты, якія былі расстаўлены (падчас перамоваў — Рэд.), і ключавыя пытанні». Прэзідэнт Украіны таксама падзякаваў канцлеру ФРГ за парады і пастаянную каардынацыю.
Як адзначылі ў прэс-службе Зяленскага, разам з Мерцам ён таксама абмеркаваў «расійскі фэйк пра нібыта датычнасць Украіны да ўдараў па рэзідэнцыі расійскага кіраўніка». «Паводле словаў Уладзіміра Зяленскага, Украіна робіць усё, каб быў мір, а Расіі трэба перастаць крэатывіць на тэму, як ваяваць, і пачаць думаць пра тое, як вярнуць бяспеку. Украіна прадставіла ўсе прапановы», — адзначана ў публікацыі.
За некалькі гадзін да размовы прэзідэнта Украіны з Мерцам сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны (СНБА) Рустэм Умераў паведаміў на сваёй старонцы ў X пра тэлефонную размову паміж Зяленскім і спецпрадстаўніком прэзідэнта ЗША Стывенам Уіткофам.
«Ключавы момант — каардынацыя далейшых кантактаў і наступных крокаў. Праца інтэнсіўная і змястоўная: мы працягваем кансультацыі і прапрацоўваем пункты дакументаў практычна штодня», — напісаў ён. Умераў таксама адзначыў «пастаянны кантакт з еўрапейскімі дарадцамі па нацыянальнай бяспецы» і дамоўленасці «аб наступных сустрэчах у найбліжэйшай будучыні».