Лукашэнка зацвердзіў дзяржаўны бюджэт на 2026 год
7- 29.12.2025, 21:01
- 2,908
Ён будзе дэфіцытным.
Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рэспубліканскі бюджэт на 2026 год — ён чакаецца дэфіцытным. Пра гэта паведамляе прэс-служба узурпатара. Недахоп сродкаў у дзяржаўнай казне складзе 4,3 млрд рублёў.
Даходы дзяржаўнага бюджэту запланаваныя на ўзроўні 54,4 млрд рублёў, а выдаткі — 58,7 млрд.
«У параўнанні з бягучым годам даходы вырастуць на 12,4%, выдаткі — на 10,4%. Асноўны прырост даходаў забяспечаць ПДВ, падаходны падатак, падатак на прыбытак і паступленні ад знешнеэканамічнай дзейнасці, — паведамляе прэс-служба палітыка. — Падатковая нагрузка для пераважнай большасці плацельшчыкаў застаецца нязменнай».
Як сцвярджаецца, будзе захаваная «сацыяльная накіраванасць бюджэту».
«Ахова здароўя, адукацыя, сацыяльная падтрымка, культура і спорт застаюцца прыярытэтамі — фінансаванне гэтых сфер забяспечвае даступнасць і якасць паслуг для грамадзян, — адзначае прэс-служба палітыка. — Бюджэт прадугледжвае павелічэнне фінансавання і па іншых прыярытэтных напрамках: навука, аграпрамысловы комплекс, падтрымка экспарту».
Нагадаем, на 2025 год мінус дзяржаўнай казны быў запланаваны ў памеры 4 млрд 459,3 млн рублёў. Закрываць гэтую розніцу ў даходах і выдатках збіраліся за кошт новых крэдытаў, а таксама астаткаў у бюджэце за папярэднія гады.