Першага сакратара Пасольства Беларусі ў ЗША пасадзілі за палітыку
3- 29.12.2025, 20:03
- 7,664
Што вядома.
Былога першага сакратара Пасольства Беларусі ў ЗША Дзмітрыя Ільюхіна асудзілі па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» і накіравалі ў калонію, піша «Наша Ніва».
Дзмітрыю Ільюхіну 35 гадоў. Ён родам з Наваполацка, дзе ў 2007‑м скончыў школу з грамадска-эканамічным ухілам.
Вышэйшую адукацыю атрымліваў у адных з найлепшых ВНУ рэгіёна: спачатку вучыўся на юрыдычным факультэце БДУ, потым перавёўся ў прэстыжны Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін (МГІМО), які скончыў у 2012 годзе. У яго актыве таксама стажыроўка ва Свабодным універсітэце Берліна і магістарская ступень на факультэце міжнародных адносін БДУ.
Кар’еру ў Міністэрстве замежных спраў Дзмітрый пачаў у 2012 годзе. Ён працаваў аташэ ў кансульскім упраўленні, пасля чаго амаль тры гады правёў у Пасольстве Беларусі ў Егіпце на пасадзе трэцяга сакратара. Вярнуўшыся ў Мінск, стаў першым сакратаром ва ўпраўленні Еўропы і Паўночнай Амерыкі. А ў 2019 годзе Ільюхін адправіўся ў Канаду на пасаду першага сакратара.
У Атаве ён быў сябрам выбарчай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года. Згодна з афіцыйным пратаколам, на яго ўчастку ўпэўнена перамагла Святлана Ціханоўская, якая набрала 321 голас (91%) супраць 21 голасу (6%) у Лукашэнкі.
У жніўні 2021 года Ільюхін пабыў консулам у Нью-Ёрку, а затым — першым сакратаром Пасольства Беларусі ў Вашынгтоне. У красавіку 2022 года Дзмітрый пакінуў дыпламатычную службу.
Пасля звальнення працаваў у прадстаўніцтве Міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа (IFRC) у Мінску, дзе ў верасні 2024 года атрымаў павышэнне да старшага афіцэра па развіцці нацыянальнага таварыства.
На гэтай пасадзе ён фактычна быў прадстаўніком Жэневы, адказным за рэфармаванне і прафесіяналізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Яго праца прыпала на крызісны перыяд, калі IFRC прыпыніла сяброўства БТЧК з-за скандалаў вакол кіраўніка арганізацыі Дзмітрыя Шаўцова. Верагодна, задачай Ільюхіна было вярнуць беларускую структуру ў рэчышча міжнародных стандартаў нейтральнасці і незалежнасці.
Невядома, калі Ільюхіна затрымалі, але адбылося гэта каля года таму. Дзмітрыя судзілі ў Мінскім гарадскім судзе за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і 2 арт. 361‑4 КК). Прысуд уступіў у сілу ў снежні 2025 года.
Цяпер мужчына адбывае пакаранне ў калоніі — у сацсетках ён не з’яўляўся каля года, а ягоны акаўнт у тэлеграме выдаліўся. Дома яго чакаюць жонка і маленькае дзіця.