Расійская прамысловасць паказала самае рэзкае падзенне з пачатку вайны
6- 29.12.2025, 17:49
- 6,610
Кампаніі паведамляюць пра катастрафічнае скарачэнне вытворчасці і заказаў.
Стан расійскай прамысловасці напрыканцы года яшчэ пагоршыўся: дзелавая актыўнасць падае сёмы месяц запар. Яе адлюстроўвае індэкс PMI, які S&P Global разлічвае паводле вынікаў апытанняў кампаній; у снежні ён склаў 48,1 пункта (мяжа паміж ростам і спадам — 50 пунктаў), паведамляе The Moscow Times.
Кампаніі паведамілі пра скарачэнне як вытворчасці, так і новых заказаў, пры гэтым падзенне выпуску стала самым рэзкім з сакавіка 2022 г., адзначае S&P Global. Апытаныя звязвалі падзенне продажаў з асцярожнасцю кліентаў і зніжэннем іх пакупніцкай здольнасці, а чаканні на год наперад апусціліся да мінімуму з мая 2022 г.
На гэтым фоне зноў скарацілася занятасць, а пагаршэнне чаканняў адносна выпуску прадукцыі на бліжэйшы год прывяло да змяншэння закупак, працягвае S&P Global. Тэмпы росту выдаткаў паскорыліся да максімальных значэнняў з сакавіка, і кампаніі працягнулі перакладаць выдаткі на спажыўцоў, павышаючы адпускныя цэны.
«Завяршэнне года цяжка назваць аптымістычным», — каментуюць аналітыкі MMI. Такога працяглага перыяду негатыўных ацэнак сітуацыі менеджментам кампаній не было з часоў пандэміі, адзначаў Дзмітрый Белаусаў з аналітычнага цэнтра ЦМАКП.
Дадзеныя аб прамысловай вытворчасці за снежань яшчэ не апублікаваныя, але ў лістападзе яно знізілася як у параўнанні з папярэднім месяцам (на 1,5% з улікам сезоннасці), так і ў гадавым выражэнні (на 0,7%). Кастрычніцкае паскарэнне аказалася толькі эпізодам, недарма міністр эканамічнага развіцця Максім Рэшэтнікаў тлумачыў яго разавымі фактарамі. У лістападзе выпуск «адкаціўся» назад, а ў сярэднім за верасень—лістапад дадаваў толькі 0,2% у месяц, ацэньваў ЦМАКП. Вагананні аб'ёмаў вытворчасці апошніх месяцаў вызначаюцца тым, што адбываецца ў сектарах «са значнай прысутнасцю абаронных вытворчасцей», адзначаў ЦМАКП, а выпуск у «грамадзянскім ядры» апрацоўчай прамысловасці апошнія чатыры месяцы стагнуе.
Сітуацыя ў грамадзянскіх сектарах няўхільна пагаршаецца. Нават Уладзімір Пуцін прызнаў, што «намецiліся пэўныя дыбалансы», у шэрагу галін выпуск прадукцыі скараціўся. «Зараз ідзе перыяд такога, я б сказаў... Не хочацца казаць слова «выжыванне», але перыяд, калі сапраўды бізнес правяраецца, цэлыя галіны правяраюцца на жыццяздольнасць», — гаварыў адзін з найбагацейшых расійскіх прадпрымальнікаў, суўладальнік «Норыльскага нікеля» Уладзімір Патанін.
У розных галінах апрацоўчай прамысловасці сітуацыя можа быць супрацьлеглай, адзначалі эксперты Інстытута Гайдара. Устойлівы рост у фармацэўтыцы, а таксама ў вытворчасці лятальных апаратаў і іншых транспартных сродкаў кантрастуе са спадам у машынабудаванні, аўтамабілебудаванні і вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, прыводзілі яны прыклад. У бліжэйшы час захаваецца гэтая разнанакіраваная дынаміка з канцэнтрацыяй росту ў сегментах, арыентаваных на дзяржзамовы і імпартазамяшчэнне, а галіны, арыентаваныя на спажыванне і залежныя ад крэдытаў, будуць працягваць сціскацца, чакаюць яны.
Цэнтрабанк не бачыць рызыкі спаду, казаў дырэктар дэпартамента грашова-крэдытнай палітыкі Андрэй Ганган: «Многія нам кажуць: «Паслухайце, вы сваёй палітыкай… заганіце эканоміку ў рэцэсію, і ў нас усё ўпадзе». Па асобных галінах мы сапраўды можам бачыць рознахарактарную карціну, эканоміка ў цэлым дэманструе добрыя тэмпы росту. Так, не такія высокія, як былі ў папярэднія гады, але і ў гэтым годзе, і, тым больш, у наступныя гады мы не чакаем ніякіх адмоўных тэмпаў росту, якія ў людзей асацыююцца з тэрмінам «рэцэсія».
Маніторынг прадпрыемстваў, які праводзіць Цэнтрабанк, малюе іншую карціну: дзелавая актыўнасць у эканоміцы, у тым ліку ў прамысловасці, працягвае расці. Розніца з S&P Global можа тлумачыцца выбаркай, адзначаў эканаміст Дзмітрый Палявы: наўрад ці ў апытанні амерыканскай кампаніі ўдзельнічаюць прадпрыемствы ВПК. У яе 250 рэспандэнтаў, у Цэнтрабанка больш за 10 тыс.