Зяленскі: ЗША падтрымаюць Украіну, калі Расія адмовіцца ад міру
57- 29.12.2025, 22:55
- 14,850
Фота: Getty Images
Вашынгтон гатовы даць Кіеву рэальныя гарантыі бяспекі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля сустрэчы з кіраўніком Белага дома Дональдам Трампам заявіў, што альтэрнатывы міру няма, аднак ЗША гатовыя працягваць падтрымку Украіны, калі Расія адмовіцца ад пагаднення і працягне вайну, паведамляе unian.net.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што любыя дамоўленасці павінны абапірацца на рэальныя гарантыі бяспекі. Паводле дамоўленасці з Вашынгтонам, гэтыя гарантыі павінны быць падмацаваныя Кангрэсам ЗША і парламентам Украіны, а пагадненні з еўрапейскімі партнёрамі — ратыфікаваныя іх нацыянальнымі парламентамі.
20-пунктавы план завяршэння вайны, паводле слоў Зяленскага, Украіна лічыць неабходным замацаваць на ўсеўкраінскім рэферэндуме як наймацнейшую форму легітымацыі.
Пры гэтым ён адзначыў, што правядзенне рэферэндуму або выбараў магчыма толькі пры ўмове як мінімум 60 дзён поўнага спынення агню і наяўнасці надзейнай сістэмы бяспекі — на такія ўмовы Расія пакуль не згаджаецца.
Таксама Зяленскі абмеркаваў з Трампам эканамічны пакет падтрымкі Украіны.
Паводле слоў Зяленскага, ідзе гаворка пра прысутнасць амерыканскага бізнесу, пра спецыяльныя ўмовы для развіцця краіны і пра магчымую дамову аб свабодным гандлі.
Таксама прэзідэнт адзначыў, што Украіна блізкая да падпісання 20-пунктавага плана завяршэння вайны і разлічвае на гарантыі бяспекі і ўдзел еўрапейскіх партнёраў у кааліцыі ахвотных.