Украіна ўпершыню далучылася да адпрацоўкі Артыкула 5 на вучэннях НАТА
- 28.12.2025, 23:27
- 1,166
У сцэнар былі інтэграваныя ўрокі, вынесеныя з вайны.
Украінскія эксперты Сумеснага цэнтра НАТА-Украіна па аналізе, падрыхтоўцы і адукацыі (JATEC) упершыню прынялі непасрэдны ўдзел у адпрацоўцы механізмаў Артыкула 5 Паўночнаатлантычнай дамовы ў межах маштабных вучэнняў Loyal Dolos 2025. Пра гэта паведамілі у Генеральным штабе Узброеных Сіл Украіны.
Вучэнні сталі галоўнай падзеяй праграмы падрыхтоўкі НАТА ў гэтым годзе. У іх узялі ўдзел каля 1500 вайскоўцаў і грамадзянскіх спецыялістаў у розных месцах па ўсёй Еўропе. Асноўнай мэтай было ацэньванне баявых магчымасцяў аднаго з карпусоў хуткага разгортвання НАТА як ключавога вайсковага падраздзялення Альянсу.
Каб падрыхтаваць вайскоўцаў Альянсу да вядзення баявых дзеянняў у хутка змяняльных умовах, у сцэнар вучэнняў былі інтэграваныя ўрокі, вынесеныя з вайны Расіі супраць Украіны. Украінскія эксперты ўпершыню былі непасрэдна прыцягнутыя да вучэнняў НАТА такога тыпу.
Старэйшы нацыянальны прадстаўнік Украіны ў JATEC палкоўнік Валерый Вішнеўскі адзначыў, што прыцягненне ўкраінскіх спецыялістаў да вучэнняў па падрыхтоўцы паводле сцэнару Артыкула 5 мае фундаментальнае значэнне. Паводле яго слоў, гэта сведчыць пра прызнанне Украіны Паўночнаатлантычнай радай як аднаго з самых дасведчаных удзельнікаў сістэмы рэгіянальнай бяспекі.