Генштаб ЗСУ раскрыў падрабязнасці ўдару па Сызранскім НПЗ у Расіі
- 28.12.2025, 14:30
- 2,464
Паражаны яшчэ шэраг важных для расіян аб’ектаў.
Сілы абароны Украіны ў ноч на 28 снежня паразілі Сызранскі нафтаперапрацоўчы завод і шэраг іншых аб’ектаў расійскіх акупантаў.
Пра гэта паведамляе Генеральны штаб ЗСУ.
«У межах зніжэння ваенна-эканамічнага патэнцыялу расійскага агрэсара ў ноч на 28 снежня падраздзяленні Сіл абароны Украіны паразілі нафтаперапрацоўчы завод «Сызранскі» ў Самарскай вобласці РФ», — гаворыцца ў паведамленні.
Зафіксавана траплянне ўдарных дронаў па тэрыторыі завода з наступным пажарам. Ступень нанесенай шкоды ўдакладняецца.
Як адзначылі ў Генштабе, гадавы аб’ём перапрацоўкі гэтага прадпрыемства складае ад 7 да 8,9 млн тон нафты. Акрамя таго, нафтаперапрацоўчы завод «Сызранскі» з’яўляецца часткай энергетычнага тылу РФ і задзейнічаны ў забеспячэнні ўзброеных сіл агрэсара.
Акрамя гэтага, Сілы абароны Украіны паспяхова паразілі:
месца захоўвання і абслугоўвання беспілотных катэраў у раёне Чарнаморскага (часова акупаваная тэрыторыя Крыма);
рамонтнае падраздзяленне са складу 1435-га мотастралковага палка паблізу населенага пункта Антрацыт (часова акупаваная тэрыторыя Луганскай вобласці);
пантонную пераправу непадалёк ад Ніканораўкі;
склад захоўвання дронаў тыпу «Шахед» у Макееўцы Данецкай вобласці.
Страты ворага ўдакладняюцца.
Таксама пацверджаныя вынікі нядаўняга паражэння завода па перапрацоўцы нафтапрадуктаў «ЛУКОЙЛ-Волгограднефтепереработка» ў Валгаградскай вобласці РФ — пашкоджаны трубаправод нафтапрадуктаў і тэхналагічная ўстаноўка вытворчасці алеяў.