«Жыццё тут вельмі камфортнае»
11- 28.12.2025, 13:58
- 6,642
Гісторыі беларусаў, якія пераехалі ў ААЭ.
Улады Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў збіраюцца ператварыць сваю краіну ў адзін з сусветных цэнтраў штучнага інтэлекту. Калі гэтыя планы ўвасобяцца ў жыццё, то высокія заробкі, мноства працоўных месцаў, развітая інфраструктура і цёплае мора круглы год цалкам могуць зрабіць Эміраты прывабнымі і для многіх рэлакантаў з Беларусі. Гісторыі тых, хто ўжо туды перабраўся, распавядае devby.io — сабралі з іх галоўнае.
«Пераезд проста дзеля пераезду не разглядаў бы»
Сяргей (імя зменена) працуе вядучым распрацоўшчыкам у IT: заняты ў сферы бяспекі. Ягоная сям'я ўжо амаль пяць гадоў жыве ў Абу-Дабі. Па прызнанні беларуса, яму было добра і дома, таму эміграцыю, і тым больш напрамак для яе, ён не выбіраў. Проста «падвернулася вельмі добрая прапанова» па працы.
З кантрактам ад наймальніка пераехаць нескладана — па гэтай прычыне выдаюцца візы, што дзейнічаюць як від на жыхарства (ВНЖ). А вось у астатнім разабрацца з надзённымі пытаннямі (напрыклад, адкрыць банкаўскі рахунак) было няпроста, пакуль сям'я не падцягнула англійскую. Арабскую, як лічыць беларус, ведаць увогуле не абавязкова.
— А вось знаёмствы завялі даволі хутка. Калі мы пераехалі, рускамоўных тут было няшмат. А цяпер рускамоўныя ёсць амаль паўсюль, — адзначае Сяргей. — Вельмі хваляваліся за дачку. Яна пераязджала сюды з сярэдзіны першага класа. Але ў мясцовых школах вельмі добра наладжаная сістэма падтрымкі для дзяцей-замежнікаў. І літаральна за адзін трыместр яна перайшла ў асноўны клас, дзе ёй аказвалі ўжо мінімальную дадатковую падтрымку.
Ёсць і мінус. Як дадае беларус, «адукацыя дарагая». Ёсць варыянты школ і садкоў танней, аднак у некаторых установах рахунак выходзіць практычна на 20 тысяч долараў у год.
Такія цэны (не толькі на адукацыю), як адзначае беларус, «спачатку пужалі». Але пры гэтым ён разважае, што так, хутчэй за ўсё, было б у любой новай краіне. Пры гэтым ёсць плюс — для найманых супрацоўнікаў у краіне няма падаходнага падатку. А разброс заробкаў «вельмі вялікі». Сяргей прыводзіць прыклад: на пазіцыі распрацоўшчыка з досведам можна атрымліваць да 11 тысяч долараў у месяц.
— Па асабістых адчуваннях у краіне вельмі бяспечна, і да гэтага хутка прывыкаеш, — распавядае Сяргей. — Медыцына ў ААЭ мае вельмі добрую матэрыяльную базу. Амаль у кожнай клініцы будуць найноўшыя апараты і тэхналогіі. Вельмі шмат лекараў з Еўропы.
У цэлым сям'і Сяргея ў ААЭ падабаецца. З мінусаў ён называе толькі вельмі спякотнае лета: многія ўвогуле пакідаюць краіну на гэты перыяд.
— Але жыццё вельмі камфортнае. Вядома, усё залежыць ад умоў, на якіх вам прапануюць пераязджаць. Пераезд у ААЭ проста дзеля пераезду я б не разглядаў, — рэзюмуе беларус.
«Калі вы ведаеце англійскую, моўнага пытання для вас не існуе»
Іван жыве ў ААЭ, у прыватнасці ў Дубаі, крыху менш — каля трох гадоў. І таксама працуе ў IT, але продакт-менеджарам у фінтэх-кампаніі. Як тлумачыць беларус, пераезд менавіта сюды ён таксама асабліва не планаваў: збіраўся ў Польшчу, але «прыйшлі хлопцы з ААЭ» і прапанавалі ўдвая больш грошай.
— Жыццё ў мусульманскай краіне па-свойму спецыфічнае. Ляцеў з кучай перадузятасцяў у галаве, але па факце высветлілася, што ўсё гэта глупствы, — прызнаецца Іван. — Асабліва адносна ААЭ. Гэта даволі свецкая краіна, таму еўрапейцам тут суперкамфортна. Адаптаваўся я даволі хутка. На шчасце, працаваў у кампаніі такіх жа экспатаў з краін СНД, таму ўсе базавыя пытанні мне дапамаглі вырашыць хутка.
Галоўным мінусам, на думку Івана, з'яўляецца тое, што для атрымання грамадзянства ў краіне трэба пражыць 30 гадоў з візай-ВНЖ. І пры гэтым «няма гарантыі, што ўхваляць». Галоўны плюс жа — і тут беларусы салідарныя адзін з адным — нулявы падаходны падатак для супрацоўнікаў.
— Часткова менавіта гэта дазваляе працадаўцам у ААЭ плаціць адны з самых высокіх у свеце заробкаў. Яны ў сярэднім вышэйшыя, чым у Беларусі і Еўропе. Але памер заробкаў у мясцовых кампаніях залежыць ад вашага пашпарта, — удакладняе Іван. — Індусу і пакістанцу будуць плаціць менш за беларуса, беларусу — менш, чым еўрапейцу, еўрапейцу — менш, чым амерыканцу або англічаніну.
На думку беларуса, суайчыннікам варта арыентавацца на 4–6 тысяч долараў — і то, калі вы вопытны супрацоўнік. Атрымліваць больш удаецца адзінкам, прынамсі з асяроддзя Івана.
— У краіне татальная лічбавізацыя: любое пытанне з дзяржструктурамі вырашаецца анлайн або праз дадатак, — апісвае ён. — Калі вы ведаеце англійскую, моўнага пытання для вас тут не існуе. Арабскую ведаць увогуле не абавязкова, працэнтаў 90 кампаній англамоўныя. Англійскай для жыцця і вырашэння ўсіх пытанняў будзе дастаткова.
Акрамя таго, Іван таксама адчувае сябе ў ААЭ «ў абсалютнай бяспецы» і прыводзіць прыклад: можна выйсці пагуляць у 4 раніцы і не перажываць, што сустрэнеш «п'янага неадэквата».
— Такіх тут проста няма. Справа ў тым, што больш за 85% мясцовага насельніцтва — гэта экспаты. А за найменшы проступак, кшталту бойкі, ім могуць ануляваць візу, дэпартаваць і накласці трэвал-бан (забарона на ўезд у краіну. — Заўв. рэд.), — тлумачыць беларус.
З мінусаў ён называе тое, што ААЭ — аўтамабільная краіна: часта нават пяцікіламетровую адлегласць немагчыма пераадолець пешшу, бо для пешаходаў папросту няма інфраструктуры. Даступнасць медыцыны Іван таксама ацэньвае як нізкую, паколькі яна вельмі дарагая. Але згодны з Сяргеем: пры гэтым лекары кваліфікаваныя, а клінікі «добрыя, сучасныя».
Рэзюмэ: Іван лічыць, што пераязджаць у ААЭ мае сэнс толькі калі вам гатовыя плаціць больш за 5 тысяч долараў. Калі прапануюць менш, то «будзе цяжкавата жыць».
«Да інфраструктуры ёсць вельмі шмат пытанняў»
Вольга (імя зменена), у адрозненне ад Сяргея і Івана, працуе не ў IT. Яна мела досвед працы ў гатэльным бізнесе ў Беларусі, і ўжо каля года працуе ў той жа сферы, але ў Дубаі. Месца беларуска знайшла праз агенцтва па працаўладкаванні за мяжой.
— Я чалавек, які любіць усё новае, таму адаптавацца ў ААЭ мне было не складана. Іншыя супрацоўнікі мне дапамагалі. Хаця калегі былі з розных краін, адзінокай я сябе не адчувала. Калі пастаянна даведваешся нешта новае і табе гэта цікава, усё атрымліваецца лёгка, — апісвае яна. — З дапамогай агенцтва па працаўладкаванні пераехаць у ААЭ не складана.
Па словах Вольгі, моўнага бар'ера няма: нават руская распаўсюджаная «ў паўсядзённых зносінах шырэй, чым арабская». Але разам з тым сваёй будучыні ў ААЭ беларуска не бачыць.
— Жыццё ў гэтай краіне вельмі цяжкае. Ведаю, што многія заможныя людзі прыязджаюць сюды з сем'ямі і застаюцца тут дзеля дзяцей. Бо ў дзяцей тут ёсць магчымасць атрымаць выдатную адукацыю, нават лепшую, чым у Англіі, — расказвае яна. — Да інфраструктуры горада, асабліва да транспарту, ёсць вельмі шмат пытанняў. У Дубаі заўсёды заторы, на абсалютна кожным святлафоры затрымліваешся хвілін на 10. Мне незразумела, навошта так доўга фіксуюць зялёны колер для адных і чырвоны для іншых.
Праўда, проста дзеля таго, каб пазнаць свет і паспрабаваць нешта новае, Вольга раіла б паспрабаваць папрацаваць і пажыць у ААЭ. На думку беларускі, гэта «дазваляе пазнаёміцца з людзьмі з іншых краін і пашырае твой кругагляд».
— Пасля гэтага на жыццё глядзіш інакш, і гэта выдатна. Галоўнае — пачаць. Баяцца чаго-небудзь новага, на жаль, вучаць з дзяцінства, — канстатуе яна.