28 снежня 2025, Нядзеля, 21:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вучоныя адкрылі адзін з самых дзіўных светаў у Млечным Шляху

4
Вучоныя адкрылі адзін з самых дзіўных светаў у Млечным Шляху

На планеце ў форме лімона ідуць дыяментавыя дажджы.

Астраномы паведамілі пра адкрыццё экзапланеты PSR J2322−2650b, якую называюць адной з самых дзіўных з тых, што калі-небудзь назіралі. Яна мае незвычайную форму, экстрэмальныя ўмовы і ўласцівасці, якія цяжка растлумачыць вядомымі тэорыямі фарміравання планет.

Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе The Astrophysical Journal Letters.

PSR J2322−2650b — гэта так званы «гарачы юпітэр», які круціцца вакол мілісекунднага пульсара PSR J2322−2650 на адлегласці каля 2055 святлавых гадоў ад Зямлі. З-за магутнага гравітацыйнага поля пульсара планета выцягнутая і нагадвае лімон.

«Гэта было поўнай нечаканасцю. Калі мы атрымалі даныя, наша першая рэакцыя была: што гэта ўвогуле такое?» — распавёў астраном Пітэр Гао з Лабараторыі Зямлі і планет Інстытута Карнегі.

Пульсар — гэта нейтронная зорка, якая ўтварылася пасля выбуху звышновай. Такія аб'екты маюць масу да 2,3 масы Сонца, але сціскаюцца да шара дыяметрам каля 20 кіламетраў. PSR J2322−2650 круціцца надзвычай хутка — адзін абарот за 3,46 мілісекунды — і выпраменьвае магутныя радыё- і гама-імпульсы.

Экзапланету ўпершыню выявілі яшчэ ў 2017 годзе. Астраномы заўважылі нязначныя збоі ў рэгулярнасці радыёімпульсаў пульсара і высветлілі, што іх выклікае масіўны спадарожнік — аб'ект з масай каля 80% масы Юпітэра, які абарачаецца вакол зоркі ўсяго за 7,8 гадзіны.

Новыя падрабязнасці ўдалося атрымаць дзякуючы касмічнаму тэлескопу Джэймса Уэба. Паколькі ён працуе ў інфрачырвоным дыяпазоне і «не бачыць» магутнага выпраменьвання пульсара, тэлескоп змог ясна назіраць саму планету.

«Гэтая сістэма ўнікальная тым, што мы бачым планету, асветленую сваёй зоркай, але саму зорку наогул не бачым. Таму атрымліваем вельмі чысты спектр», — патлумачыла астраном Мая Белезней са Стэнфардскага ўніверсітэта.

Назіранні паказалі, што атмасфера планеты нагрэта прыкладна да 1900 кельвінаў — значна больш, чым было б толькі ад святла зоркі. Прычына — інтэнсіўнае гама-выпраменьванне пульсара. Атмасфера таксама рухаецца з вялікай хуткасцю на захад, у супрацьлеглым накірунку адносна кручэння самой планеты.

Найбольшае здзіўленне выклікаў хімічны склад. У атмасферы выявілі вялікую колькасць вугляроду, у прыватнасці малекулы C₂ і C₃, замест звыклых для экзапланет вады, метану або вуглякіслага газу. На ніжэйшых узроўнях атмасферы вуглярод можа нават крышталізавацца, утвараючы так званы «дыяментавы дождж».

«Гэта зусім новы тып атмасферы, якога ніхто раней не бачыў», — адзначыў астраном Майкл Чжан з Універсітэта Чыкага.

Даследчыкі мяркуюць, што гэты аб'ект наогул першапачаткова мог і не быць планетай. Паводле адной з гіпотэз, ён быў геліявай зоркай у падвойнай сістэме. Пульсар паступова «з'ядаў» свайго кампаньёна, змяншаючы яго масу. Менавіта гэта можа тлумачыць геліявавую ўнутраную будову і вугляродную атмасферу.

«Калі кампаньён астывае, сумесь вугляроду і кіслароду ўнутры пачынае крышталізавацца. Чысты вуглярод усплывае ўверх і змешваецца з геліем — гэта мы і бачым», — патлумачыў астрафізік Роджэр Рамані са Стэнфардскага ўніверсітэта.

Разам з тым застаюцца адкрытыя пытанні, у прыватнасці чаму ў атмасферы амаль няма кіслароду і азоту. Аб'ект ужо не мае дастатковай масы для тэрмаядзерных рэакцый, таму яго нельга лічыць ні зоркай, ні карычневым карлікам. Гэта яшчэ больш размывае мяжу паміж планетамі і зоркамі.

Вучоныя чакаюць, што будучыя назіранні дапамогуць лепш зразумець прыроду гэтага незвычайнага свету.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках