Француз «забыўся» пра пісталет у кішэні на мяжы з Беларуссю
- 26.12.2025, 22:48
- 3,682
Замежніка затрымалі пры праходжанні па зялёным калідоры.
Пры перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы затрымалі грамадзяніна Францыі, расказаў галоўны інспектар Гродзенскай рэгіянальнай мытні Вячаслаў Дударэвіч, паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі.
Ён праходзіў дагляд з пісталетам у кішэні.
Паводле слоў мужчыны, ён проста забыўся, што пры ім ёсць зброя.
«Прыбыўшы рэйсавым аўтобусам у пункт пропуску «Каменны Лог», мужчына прайшоў па зялёным калідоры, чым пацвердзіў адсутнасць тавараў, якія падлягаюць дэклараванню», — удакладніў інспектар.
На наяўнасць у француза металічных прадметаў паказалі тэхнічныя сродкі кантролю. Мытнікі даглядзелі замежнага грамадзяніна і знайшлі ў яго пісталет Walther mod.9 з пяццю патронамі ў магазіне.

Судовыя эксперты ўстанавілі, што пісталет спраўны і можа выкарыстоўвацца для стральбы. Патроны таксама аказаліся боепрыпасамі да агнястрэльнай зброі.
Па гэтым факце Гродзенская рэгіянальная мытня распачала крымінальную справу па ч. 1 арт. 333-1 КК Беларусі. Грамадзяніну Францыі можа пагражаць ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі са штрафам або без яго.