Украіна шукае фармат выбараў ва ўмовах вайны
17- 26.12.2025, 20:19
- 1,798
Разглядаецца гібрыднае галасаванне — анлайн і афлайн.
Кіраўнік фракцыі «Слуга народу» ў Вярхоўнай Радзе Давід Арахамія прапанаваў падумаць над магчымасцю правядзення выбараў ва Украіне шляхам гібрыднага галасавання — анлайн і афлайн. Пра гэта ён заявіў 26 снежня на пасяджэнні працоўнай групы па падрыхтоўцы законаў для арганізацыі і правядзення выбараў ва Украіне падчас вайны, якое трансляваў тэлеканал «Рада».
Арахамія расказаў, што цяпер вядзецца праца над тым, як забяспечыць магчымасць галасавання на выбарах для ўкраінцаў, якія знаходзяцца за мяжой.
«Галасаванне ўкраінцаў за мяжой. Вельмі складаная тэма, таму што ад еўрапейскіх партнёраў прыходзяць розныя мэсэджы: некаторыя кажуць, што могуць дапамагаць нам адкрываць дадатковыя ўчасткі, але некаторыя краіны кажуць, што ў іх гэта наўпрост забаронена — тады прапускная здольнасць нашых замежных участкаў будзе абмежаваная. Тады нам давядзецца вырашаць пытанне: або рабіць гэта на працягу некалькіх дзён, або зноў вяртацца да гібрыднага галасавання з ужываннем анлайн-механізмаў», — распавёў Арахамія.
Ён адзначыў, што, як былы айцішнік, так і не зразумеў, ці магчыма анлайн-галасаванне. Праўда, цяпер нардэпы праводзяць анлайн-паседжанні камітэтаў і галасуюць на іх. «Таму я спадзяюся, што ваша працоўная група сур'ёзна прапрацуе: ці можна насамрэч рабіць гібрыднае галасаванне анлайн і афлайн», — заявіў Арахамія.
Таксама, на яго думку, асаблівую ўвагу трэба надаць унутрана перамешчаным асобам. Паводле яго слоў, адной з праблем з'яўляецца тое, што рэестр выбаршчыкаў не мае дакладных звестак пра ўсіх перасяленцаў. «Вельмі шмат унутрана перамешчаных асоб не рэгіструюцца, бо такім чынам пазбягаюць з'яўлення на радарах з-за мабілізацыі. Як мы прывядзем іх на ўчасткі — мы з вамі пакуль не разумеем», — адзначыў ён.
Арахамія падкрэсліў, што трэба прывесці на галасаванне як мага больш людзей, бо нізкая актыўнасць можа падарваць легітымнасць выбараў. «Нам трэба сфакусавацца на максімізацыі яўкі. Мне здаецца, што яна можа павялічыцца за кошт таго, што мы пашырым магчымасці для галасавання: або дададзім некалькі дзён, або дададзім магчымасць анлайн-галасавання», — дадаў ён.