«Шахеды» атакавалі захад Украіны з тэрыторыі Беларусі
43- 26.12.2025, 17:04
- 30,746
Паказаны новы маршрут расійскіх дронаў.
Позна ўвечары 25 снежня і раніцай 26 снежня вораг атакуе энергетычную інфраструктуру Валыні, а дроны ляцяць у рэгіён па паўночна-заходнім маршруце. Візуалізацыю курсу апублікаваў маніторынгавы канал Strategic Control.
Выкарыстоўваючы паветраную прастору Беларусі і РФ для запуску беспілотнікаў, Узброеныя сілы РФ атакуюць Валынскую і Роўненскую вобласці. Да таго ж, вядзецца разведка перад патэнцыйным маштабным ударам.

Раней пра тое, што «Шахеды» кіруюцца з Беларусі, пісаў эксперт па радыётэхналогіях Сяргей «Флэш» Бескрэстнаў. Да такой высновы ён прыйшоў, аналізуючы атаку на цягнік у Жытомірскай вобласці 23 снежня.
Вялікай трагедыі ўдалося пазбегнуць толькі таму, што аператар прамахнуўся, і дрон, які ўпаў, справакаваў аварыю грузавога складу.
«Верагодна, кіраванне «Шахедам» ажыццяўлялася з Беларусі, да якой ад месца падзей 80 кіламетраў, да Расіі занадта далёка», — адзначыў Бескрэстнаў.
Тым часам з раніцы ў Ковелі гучалі выбухі. Як паведамляюць мясцовыя паблікі, дроны ўдарылі па станцыі Ковель Львоўскай чыгункі, пашкодзіўшы лакаматыў і грузавы вагон. Ударнай хваляй выбіла вокны ў лакаматыўным дэпо.

Як напісаў у сетцы кіраўнік Валынскай абласной ваеннай адміністрацыі Іван Рудніцкі, напярэдадні ўвечары Узброеныя сілы РФ атакавалі аб’ект крытычнай інфраструктуры.
На момант напісання матэрыялу паветраная трывога гучыць у Ковельскім і Луцкім раёнах. Жыхароў вобласці папярэдзілі, што магчымасці ўключаць сігнал паветранай трывогі па раёнах на Валыні на дадзены момант няма, хоць падобная практыка ўведзена ў іншых абласцях, таму жыхарам неабходна рэагаваць на папярэджанне, зыходзячы з інфармацыі ў прыкладанні.
Гэтай ноччу расійскія вайскоўцы выпусцілі па Украіне 99 дронаў розных тыпаў і адну балістычную ракету. 73 БПЛА ўдалося збіць або падавіць.