26 снежня 2025, Пятніца, 14:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы беларускі палітвязень: Украінскія медыкі былі ў шоку

1
Былы беларускі палітвязень: Украінскія медыкі былі ў шоку

Як вязняў рэжыму Лукашэнкі вывозілі ў Чарнігаў.

13 снежня пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са спецпасланнікам ЗША па справах Беларусі Джонам Коулем у Беларусі вызвалілі 123 палітвязняў. Іх усіх вывезлі за мяжу, у большасці — ва Украіну. Былы палітвязень Сяргей Рудзенкоў, які таксама пасля вызвалення трапіў на ўкраінскую тэрыторыю, расказаў сайту Charter97.org, як праходзіў гэты працэс:

— Вывезлі ў пяць гадзін раніцы, прыйшлі да пад'ёму, з рэчамі вывелі на «аэрапорт», так называюць месца дагляду. Там перагледзелі рэчы, частку з іх канфіскавалі, забралі ўсе дакументы і лекі. Потым — мех на галаву і ў аўтобус, перавезлі ў ІК-15. Адтуль забралі яшчэ каля дзесяці палітвязняў. Усіх аўтобусамі павезлі ў Гомель. Там спыніліся, з жаночай калоніі забіралі палітвязняў. Затым усіх разам павезлі да мяжы. Там нейкі час чакалі, пасля нас перасадзілі ў іншыя аўтобусы, знялі наручнікі, рукі скотчам пераматалі і павезлі зноў кудысьці, на той момант — незразумела куды. Крыху пазней высветлілася, што гэта быў паст на ўкраінскай мяжы. Там нас перадалі ЗСУ. Украінцы нас вызвалілі, скотч з рук зрэзалі, вочы развязалі, ужо там непасрэдна я ўбачыў Паўла Севярынца, Марыю Калеснікаву і Віктара Бабарыку.

Нас прывезлі ў шпіталь у Чарнігаве, там мы прабылі двое сутак. Агледзелі, падлячылі. Тых, хто быў у дрэнным стане, асабліва ўважліва абследавалі. Медыкі ў Чарнігаве ледзь не плакалі, калі пабачылі, у якім мы стане, яны былі ў шоку. Пыталіся: дзе нас так трымалі? Паводле іх слоў, у нас быў такі стан, быццам нас з Аўшвіца прывезлі.

Потым перавезлі ў гасцініцу, дзе мы таксама правялі двое сутак. Часта была паветраная трывога, мы некалькі разоў за ноч ўскоквалі і спускаліся ў падвал. Потым раніцай каля пяці гадзін нас пасадзілі ў аўтобус і перавезлі ў Варшаву, ехалі амаль суткі. Там частка былых палітвязняў засталася ў гасцініцы, а тыя, хто вырашыў ехаць у Літву, паехалі далей.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках