26 снежня 2025, Пятніца, 14:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыццём у Літве задаволены 88% жыхароў краіны

5
Жыццём у Літве задаволены 88% жыхароў краіны

Упершыню перавышаны сярэдні паказчык па Еўрасаюзе.

Жыццём у Літве задаволены 88% грамадзян — такія дадзеныя апошняга апытання «Еўрабарометра», піша delfi.lt.

За апошнія гады гэты паказчык палепшыўся на 5% і ўпершыню перавысіў сярэдні паказчык па Еўрасаюзе, які складае 86%.

Паводле вынікаў даследавання, асноўная праблема ў краіне — інфляцыя; яе як самую сур'ёзную праблему назвалі 39% удзельнікаў апытання.

Далей ідуць абарона і бяспека (26%), а таксама ўварванне Расіі ва Украіну (20%). Гэтыя паказчыкі выдзяляюць Літву на фоне іншых краін Паўночнай і Усходняй Еўропы і іншых краін ЕС — там гэтыя пытанні не выклікаюць такой увагі грамадства.

Функцыянаваннем дэмакратыі ў Літве задаволены 55% жыхароў — крыху больш, чым у сярэднім па ЕС (54%). Большая частка літоўцаў (86%) лічыць, што пагрозу дэмакратыі ў Літве ўяўляе дэзінфармацыя.

Паводле «Еўрабарометра», жыхары Літвы больш за ўсё давяраюць радыё — 65% удзельнікаў апытання (у Еўропе ў сярэднім 68%). Тэлебачанню ў Літве давяраюць 63% рэспандэнтаў, інтэрнэт-парталам — 42%, сацсеткам — 31%. Дадзеныя апытання паказалі, што жыхары Літвы па-ранейшаму давяраюць ЕС — давер выказалі 66% жыхароў (сярэдні паказчык па ЕС — 48%).

«Літоўцы вылучаюцца аптымізмам і ў ацэнцы эканомікі ЕС — 73% добра ацэньваюць эканоміку, гэта найлепшы вынік сярод краін-членаў. Аптымістычныя настроі захоўваюцца і ў сувязі з будучыняй — цэлых 71% рэспандэнтаў у Літве аптымістычна ацэньвае будучыню ЕС», — сказаў прадстаўнік ЕК у Літве Марюс Вашчэга.

Вынікі апытання паказалі, што 54% літоўцаў лічаць асноўным прыярытэтам ЕС у бліжэйшыя 5 гадоў абарону і бяспеку. Гэта самы высокі паказчык у ЕС (сярэдні — 34%). Падобным чынам гэтае пытанне бачаць жыхары Фінляндыі і Даніі — адпаведна 53 і 52%.

У Еўропе літоўскае грамадства застаецца тым, якое больш за іншыя падтрымлівае Украіну. Паводле «Еўрабарометра», ваенную дапамогу Украіне падтрымліваюць 77% жыхароў Літвы (сярэдні паказчык па ЕС — 57%). Фінансавую дапамогу Украіне падтрымліваюць 85% літоўцаў, за эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Расіі выказваюцца 82% жыхароў Літвы, сяброўства Украіны ў ЕС падтрымлівае 71% жыхароў Літвы.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках