Самыя дзіўныя і незвычайныя калядныя традыцыі з усяго свету
1- 25.12.2025, 12:56
- 2,196
Калядны дух можа прымаць самыя нечаканыя формы.
Каляды асацыююцца з ёлкамі, падарункамі і сямейнымі вячэрамі, аднак гэтае свята можа выглядаць куды больш экзатычна. У розных краінах свету Каляды святкуюць так, што некаторыя звычаі могуць здзівіць нават самых дасведчаных, піша Independent (пераклад — сайт Charter97.org).
У Аўстрыі і Германіі, напрыклад, важнай часткай святочнага сезона з'яўляецца Крампус — дэманічны персанаж з альпійскага фальклору. Штогод 5 снежня ў гарадах адбываюцца шэсці, падчас якіх сотні людзей у рагатых касцюмах палохаюць мінакоў.

У Каталоніі папулярныя адразу дзве «незвычайныя» традыцыі. Першая — «какальнае паліно», якое дзеці кормяць салодкасцямі, а потым б'юць палкамі, каб яно «выдала» падарункі. Другая — фігурка персанажа, які справляе натуральную патрэбу, якую ставяць у калядныя яслі.

У сталіцы Венесуэлы Каракасе ў дні перад Калядамі людзі едуць на ранішнія імшы… на ролікавых каньках. З гэтай прычыны ўлады нават перакрываюць дарогі.
У Японіі Каляды не з'яўляюцца дзяржаўным святам, але мільёны японцаў адзначаюць іх паходам у KFC. Смажаная курыца стала там галоўнай каляднай стравай, а тыдзень перад 25 снежня — самым прыбытковым для сеткі.
У Партугаліі сем'і пакідаюць за святочным сталом дадатковыя месцы для памерлых сваякоў — лічыцца, што гэта прыносіць удачу. У Чэхіі незамужнія дзяўчаты варожаць на шлюб, кідаючы абутак цераз плячо, а ў Нарвегіі на Каляды хаваюць мётлы, асцерагаючыся ведзьмаў і злых духаў.
Украінцы ўпрыгожваюць ёлкі павуціннем і павукамі на ўдачу, у Грэнландыі ядуць стравы са скуры кіта і ферментаваных птушак, а ў Індыі замест ёлак упрыгожваюць бананавыя і мангавыя дрэвы.