Як беларускiя каталікі святкуюць Раство
- 25.12.2025, 11:56
Рэпартаж з касцёла ў Маладзечне.
Cёння вялікае свята: каталікі, пратэстанты, а таксама значная частка праваслаўных па ўсім свеце адзначаюць Раство. Журналісты onliner.by выправіліся за межы Мінска і ўбачылі, як святкуюць Божае Нараджэнне ў Маладзечне, у касцёле святога Піо.
Гэты велічны чырвоны касцёл з высокай вежай ведаюць многія, хто праязджае праз Маладзечна. А пачалася яго гісторыя напачатку XXI стагоддзя, калі дзякуючы намаганням братоў-капуцынаў, якія з 1998 года служаць у горадзе, тут была зарэгістравана яшчэ адна каталіцкая парафія. Спачатку людзі маліліся наўпрост у вайсковым шатры, потым перайшлі ў капліцу, а з часам тут, на скрыжаванні Вялікага Гасцінца і вуліцы Міра, пачалі ўзводзіць новую святыню. Прычым рабілі гэта не толькі будаўнікі, але і манахі, і вернікі: цагліна за цаглінаю складалі новы храм.

Познім вечарам у сераду мясцовыя каталікі зноў сабраліся разам, каб адсвяткаваць адно з самых галоўных хрысціянскіх свят — Божае Нараджэнне.

Людзей сабралася так шмат, што ўсім ахвотным не хапіла месца на лавах. Ужо пасля імшы святар, брат-капуцын Андрэй Жылевіч, у размове з карэспандэнтамі сказаў, што ў касцёле адначасова маглі прысутнічаць да 800 чалавек.
Многія прыйшлі загадзя: парафіяне падрыхтавалі тэатральную пастаноўку паводле творчасці французскага пісьменніка Антуана дэ Сент-Экзюперы, а ў 23:00 распачалася пастэрка — адмысловае начное набажэнства напярэдадні Раства.






— Радасна вас вітаць, дарагія браты і сёстры. Тут сёння Бог збірае нас разам. Хтосьці ўжо доўга чакаў і рыхтаваўся, што прыйдзе на гэтую начную святую імшу. Хтосьці прыйшоў таму, што яго запрасілі нашы парафіяне, нашы сябры. Хтосьці, можа, прыйшоў таму, што ўбачыў, як прыгожа наш касцёл зіхаціць у горадзе, і таксама вырашыў зайсці і паглядзець, што тут адбываецца. А тут Бог збірае нас разам, каб адзначыць нараджэнне Ягонага сына, які нарадзіўся ў год 194-х Алімпійскіх гульняў, у 752-м годзе ад заснавання Рыма, у 44-м годзе панавання імператара Аўгуста. У канкрэтны гістарычны момант. Але не толькі таму мы збіраемся, каб успомніць, што гэта было. Мы добра ведаем, што падчас літургіі Хрыстос сёння нараджаецца і прыходзіць у нашае жыццё — жыццё кожнага з нас, — сказаў напачатку імшы пробашч парафіі, брат Уладзіслаў Мінько.










