25 снежня 2025, Чацвер, 10:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Імітацыя бурнай дзейнасці

10
Імітацыя бурнай дзейнасці

Прэс-служба Лукашэнкі адчыталася пра даклады, але кіраўніка не паказала.

У сераду прэс-служба Лукашэнкі адчыталася пра даклады кіраўніка КДБ і міністра абароны. Самога Лукашэнку пры гэтым, праўда, не паказалі. А чыноўнікі, якія дакладалі, дзяліліся ўражаннямі не ў лукашэнкаўскім палацы, а ў сваіх ведамствах, піша planbmedia.io.

Дакласці неадкладна

Пра тое, што Лукашэнка прымае з дакладамі Івана Тэртэля і Віктара Хрэніна, яго прэс-служба паведаміла 24 снежня а 12:10. Праз пяць хвілін пасля гэтага з’явіліся першыя падрабязнасці. А яшчэ праз чатыры хвіліны Віктар Хрэнін ужо паспеў распавесці журналістам пра падрабязнасці свайго дакладу. Паводле яго слоў, адной з тэм дакладу стала размяшчэнне ў Беларусі расійскага «Арэшніка».

«У мяне адбыўся дэталёвы даклад кіраўніку дзяржавы аб стане спраў у Узброеных Сілах. Кіраўнік дзяржавы ў гэтым пытанні пастаянна трымае руку на пульсе», — сказаў ён.

Як гэта заўжды бывае пасля «дакладаў Лукашэнку» па серадах, не паказваюць не толькі яго самога, але і яго палац. Перад журналістамі Хрэнін адчытваўся не ў Палацы Незалежнасці, дзе Лукашэнка прымае чыноўнікаў, а ў сваім уласным ведамстве. З гэтай нагоды туды нават даставілі аднаго з журналістаў лукашэнкаўскага пула.

А праз 11 хвілін пасля Хрэніна дзяржаўныя медыі апублікавалі ўражанні ад дакладу ўжо Івана Тэртэля. Прычым, мяркуючы па інтэр’ерах на фота, ён свой даклад Лукашэнку таксама рабіў, не выходзячы з будынка роднага ведамства. Куды, дарэчы, таксама даставілі аднаго з журналістаў лукашэнкаўскага пула.

«Сёння раніцай я далажыў прэзідэнту пра новыя прапановы амерыканскага боку з улікам пазіцыі Рэспублікі Беларусь, з улікам пазіцыі нашага прэзідэнта», — адчытаўся Тэртэль.

Праўда, фантазія ў кіраўніка КДБ аказалася багацей. Усё ж такі прафесія абавязвае. Таму і падрабязнасцяў ад яго было значна больш, чым ад міністра абароны. Паводле слоў Тэртэля, ён паспеў абмеркаваць з Лукашэнкам не толькі беларуска-амерыканскія, але яшчэ і беларуска-польскія, беларуска-літоўскія, беларуска-ўкраінскія адносіны. Распавёў пра бюджэт літоўскага МЗС. Пра тое, з колькіх бакоў Захад рыхтуе напад. І нават палічыў усіх шпіёнаў, якіх беларускі КДБ выкрыў.

«Абмяркоўваецца шмат тэм глабальнага, рэгіянальнага маштабу і двухбаковыя адносіны», — сказаў Тэртэль.

Загадка серэды

Увогуле, гэтая серада ў Лукашэнкі атрымалася вельмі насычанай. Як і ўсе астатнія серэды. Два тыдні таму яго прэс-сакратар, Наталля Эйсмант, нават спецыяльна тлумачыла, што Лукашэнка ў яе, у прынцыпе, вельмі працавіты, а па серадах ён яшчэ працавіцейшы, чым у ўсе астатнія дні. Проста не ўсе гэта заўважаюць.

«Гэта праца, якая ідзе пастаянна ўжо даволі доўгі час. Такіх дакладаў у нас значна больш, чым тых, што мы медыйна асвятляем. Гэта тая праца, якую прэзідэнт праводзіць пастаянна», — сказала яна ў інтэрв’ю БТ.

Тлумачыцца давялося, бо многія сталі звяртаць увагу, што па серадах Лукашэнка ўладкоўвае сабе дадатковы выходны. Спачатку прэс-служба спрабавала спасылацца на тое, што ў гэты дзень Лукашэнка заняты папяровай працай. Але атрымалася занадта падобна да «працы з дакументамі», якой тыднямі займаўся адыходзячы Ельцын.

Таму апошнім часам сталі з’яўляцца вось такія дзіўныя паведамленні пра дзіўныя даклады. Калі сам момант дакладу нам не паказваюць і Лукашэнку ў добрым здароўі не дэманструюць. А дакладчыкі потым дзеляцца ўражаннямі ў інтэр’ерах уласных ведамстваў, а не ў Палацы Незалежнасці.

Сам па сабе дадатковы выходны дзень — гэта, вядома, справа жытэйская. Хто як не Лукашэнка можа яго сабе дазволіць. Але калі б справа была проста ў жаданні адпачыць, то графік дадатковых выходных можна было б зрабіць слізгальным. Каб не прыцягваць лішняй увагі. Дык што праблема, відаць, у нечым іншым. У нечым, дзе рэгулярнасць працэдур мае значэнне.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках