Пасланнік Трампа ў Грэнландыі заявіў, што ЗША не імкнуцца «заваяваць» тэрыторыю Даніі
- 25.12.2025, 5:56
- 1,162
Джэф Лэндры распавёў пра намер весці дыялог з жыхарамі вострава.
Спецпасланнік у Грэнландыі, прызначаны прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, губернатар Луізіяны Джэф Лэндры запэўніў, што ЗША не плануюць «заваёвы» тэрыторыі Даніі. Яго словы цытуе Associated Press.
Паводле Лэндры, адміністрацыя Трампа мае намер пачаць дыялог з жыхарамі паўаўтаномнай датскай тэрыторыі пра найлепшы шлях развіцця гэтага стратэгічна важнага вострава.
У сваіх першых разгорнутых каментарыях пасля прызначэння на пасаду пасланніка ён заявіў, што адміністрацыя Трампа не збіраецца «спрабаваць каго-небудзь заваяваць» або «захапіць чую-небудзь краіну».
Яго каментары пэўным чынам супярэчаць пазіцыі амерыканскага прэзідэнта, які неаднаразова заяўляў, што ЗША неабходна ўзяць пад кантроль арктычную тэрыторыю дзеля ўласнай бяспекі, і не выключаў прымянення ваеннай сілы дзеля ўсталявання кантролю над багатым на карысныя выкапні востравам.
«Я думаю, што нашы абмеркаванні мусяць весціся непасрэдна з жыхарамі Грэнландыі — з самімі грэнландцамі. Чаго яны хочуць? Якія магчымасці яны ўпусцілі? Чаму яны не атрымалі той абароны, на якую сапраўды заслугоўваюць?» — сказаў Лэндры.