Мінскія «зубры» дэкласавалі масквічоў у дынамаўскім дэрбі
- 23.12.2025, 23:16
Хакеісты мінскага «Дынама» закінулі расіянам сем шайбаў.
Хакеісты мінскага «Дынама» здабылі другую запар хатнюю перамогу ў межах рэгулярнага чэмпіянату КХЛ.
На гэты раз «зубры» не пакінулі шанцаў аднаклубнікам з Масквы.
Дынамаўскае дэрбі завершылася разгромнай перамогай гаспадароў з лікам 7:1.
У складзе мінчукоў закінутымі шайбамі адзначыліся Ілля Усаў, Віталь Пінчук, Сэм Энас, Ягор Барыкаў, Данііл Ліпскі, Вадзім Шыпачоў і Алекс Лімож.
Перамога дазволіла падапечным Дзмітрыя Квартальнова замацавацца на другой пазіцыі ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. Пасля 36 матчаў у іх актыве 53 ачкі.
Адставанне мінчукоў ад лідара — яраслаўскага «Лакаматыва» — цяпер складае ўсяго адно ачко. Пры гэтым «Дынама» мае яшчэ чатыры матчы ў запасе.
Наступны паядынак «зубры» правядуць 26 снежня на «Мінск-Арэне». У суперніках — пецярбургскі СКА.