23 снежня 2025, aўторак, 17:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У чым сэнс новых патрабаванняў Пуціна?

3
У чым сэнс новых патрабаванняў Пуціна?
Пётр Алешчук

Кіраўнік Крэмля згадаў пра выбары ва Украіне.

Падчас нядаўняй «прамой лініі» з расіянамі расійскі дыктатар адказаў і на заяву прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пра тое, што Украіна гатовая правесці выбары прэзідэнта, але толькі пры ўмове, што на час прадвыбарнай кампаніі і галасавання будзе забяспечана спыненне агню і бяспека для грамадзян. Пуцін упершыню дапусціў магчымасць адмовы Расіі ад удараў па Украіне на час выбараў. Але толькі пры ўмове, што «змогуць прагаласаваць 5–10 мільёнаў грамадзян Украіны», нібыта тых, што пражываюць на тэрыторыі Расіі.

Важна адзначыць, што Пуцін раней неаднаразова публічна падкрэсліваў, што ўкраінскі прэзідэнт «нелегітымны» нібыта таму, што ў краіне не былі праведзеныя выбары ў 2024 годзе. Менавіта гэтым Пуцін і матываваў «немагчымасць перамоваў» з Украінай.

Пры гэтым Пуцін маўчаў пра тое, чаму ж выбары прэзідэнта не адбыліся ў 2024 годзе, і што гэта відавочна звязана з расійскай агрэсіяй і рэгулярнымі абстрэламі ўкраінскай тэрыторыі. Цяпер жа ён гэтую сувязь прызнаў, але адразу ж выстаўіў умовы.

Сама пастаноўка пытання дзіўная. Адкуль у Пуціна ўзяліся менавіта 5–10 мільёнаў? Відавочна, ён мае на ўвазе жыхароў акупаваных Расіяй рэгіёнаў Украіны, якія, як ён сам сцвярджаў раней, вельмі хацелі стаць расіянамі. Асаблівага цынізму гэтай гісторыі дадае тое, што ўсе гады акупацыі Расія праводзіць палітыку тэрору і выцяснення ў дачыненні да грамадзян Украіны, якія апынуліся на захопленых Расіяй землях. Калі ты не атрымаў расійскі пашпарт, то цябе маглі пазбавіць медыцынскай дапамогі або проста дэпартаваць з уласнага дома. Такія выпадкі не проста фіксаваліся, але і публічна асвятляліся расійскімі акупацыйнымі ўладамі.

І цяпер Пуцін раптам успомніў пра грамадзян Украіны і іх выбарчое права. Натуральна, такі вялікі «дэмакрат», як Пуцін, зрабіў гэта не проста так. Тым больш, што старшыня расійскага ЦВК Эла Памфілава ужо паспела запэўніць усіх, што яны гатовыя арганізаваць выбары для ўкраінскіх грамадзян у Расіі. Ну а як яны ўмеюць лічыць, ведаюць ва ўсім свеце.

Раней Пуцін пастаянна патрабаваў выбараў ва Украіне. Але як толькі ўкраінскія ўлады пачалі прадпрымаць канкрэтныя дзеянні для іх правядзення, Пуцін адразу ж пачаў прыдумваць дадатковыя ўмовы.

У чым сэнс новых патрабаванняў Пуціна? Па сутнасці, ён проста патрабуе права «ўкінуць» 10 мільёнаў галасоў. Нядаўна ўкраінская ЦВК апублікавала дадзеныя, што выбарцаў ва Украіне (і за яе межамі) больш за 30 млн чалавек. Пры яўцы каля 70 працэнтаў (а яўка відавочна будзе меншая, бо прагаласаваць уцекачам у Еўропе будзе не так ужо і проста), 10 млн галасоў — гэта «права» прызначыць Прэзідэнтам Украіны таго, каго захоча Пуцін.

Відавочна, Пуцін у прынцыпе не верыць, што ўкраінцы абяруць кагосьці патрэбнага яму, а выбары, калі яны не азначаюць усталявання ва Украіне патрэбнага Пуціну рэжыму, яму не патрэбныя.

Усё гэта настолькі шыта белымі ніткамі, што ўзнікае пытанне: а для каго ўсё гэта? Відавочна ж, што Украіна ніколі не падтрымае ідэю ўкіду 10 млн галасоў за расійскага кандыдата на выбарах. Мабыць, усё гэта прызначана для вушэй Трампа. Пуцін прапануе «кампраміс», які цяпер яго спецпрадстаўнік Кірыл Дзмітрыеў будзе «прадаваць» амерыканцам як «добрую здзелку». І цяжка ўявіць, як на гэта адрэагуюць у Трампа.

Дарэчы, асноўная выснова, якую можна зрабіць, такая: Пуцін чарговы раз паказаў, што не хоча міру, а хоча пакарыць Украіну, і ўсе іншыя сцэнары яго не цікавяць.

Пётр Алешчук, доктар палітычных навук, прафесар КНУ імя Тараса Шаўчэнкі, спецыяльна для сайта Charter97.org

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках