ISW: Абяцанні Пуціна нічога не вартыя
2- 23.12.2025, 14:22
- 2,758
Амерыканскія аналітыкі нагадалі пра Будапешцкі мемарандум.
Заявы Крамля пра гатоўнасць не нападаць на Украіну, а таксама на краіны Еўропы і НАТА пасля магчымага мірнага пагаднення не заслугоўваюць даверу. Расія ўжо неаднаразова дэманстравала, што ігнаруе міжнародныя пагадненні, калі яны перастаюць адпавядаць яе інтарэсам. Да такой высновы прыйшлі аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Падставай для ацэнкі стала нядаўняя заява намесніка міністра замежных спраў РФ Сяргея Рябкова, які паведаміў пра гатоўнасць Масквы юрыдычна замацаваць абавязацельства не ажыццяўляць агрэсію супраць краін ЕС і НАТА ў рамках пагаднення аб спыненні вайны ва Украіне.
У ISW нагадалі, што падобныя абяцанні Расія давала і раней. У прыватнасці, ідзе пра Будапешцкі мемарандум 1994-га года, паводле якога Масква абавязалася паважаць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і рэагаваць на любыя акты агрэсіі супраць яе ў абмен на адмову Кіева ад ядзернай зброі. Гэтыя абавязацельствы, як паказалі падзеі наступных гадоў, былі груба парушаныя.
Аналітыкі таксама адзначаюць, што Уладзімір Пуцін неаднаразова змяняў унутранае заканадаўства Расіі пад уласныя палітычныя мэты. Як прыклад прыводзіцца канстытуцыйная рэформа 2020-га года, якая дазволіла яму фактычна абнуліць прэзідэнцкія тэрміны і захаваць уладу. Такая практыка, падкрэсліваюць у ISW, наглядна дэманструе, што ні міжнародныя дамовы, ні ўласная Канстытуцыя для Крамля не з’яўляюцца непахіснымі.
На думку экспертаў, гэты досвед пацвярджае: любыя гарантыі з боку Расіі без знешніх механізмаў кантролю не маюць рэальнай вартасці. Таму Украіна мае патрэбу ў дзейсных і надзейных гарантыях бяспекі, якія змогуць прадухіліць паўтор расійскай агрэсіі ў будучыні.