23 снежня 2025, aўторак, 11:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналісты знайшлі Асада і яго генералаў

10
Журналісты знайшлі Асада і яго генералаў
Башар Асад

У Расію ўцёк не толькі сірыйскі дыктатар.

Пасля падзення рэжыму Башара Асада частка яго найбліжэйшага атачэння перабралася ў Расію. Як высветліла The New York Times, з 55 высокапастаўленых сірыйскіх чыноўнікаў, сілавікоў і вайскоўцаў прынамсі палова цяпер знаходзіцца за межамі Сірыі, прычым значная іх частка — у Маскве і іншых рэгіёнах РФ.

Сам Башар Асад, паводле звестак выдання, пачаў жыццё ў выгнанні з пражывання ў раскошным гатэлі Four Seasons у цэнтры Масквы, дзе кошт тыдня пражывання можа дасягаць 13 тысяч долараў. Пазней ён пераехаў у двухузроўневы пентхаус у вежы «Федэрацыя» ў «Масква-Сіці», а затым — у прыватны дом на Рублёўцы. Яго перамяшчэнні па-ранейшаму знаходзяцца пад кантролем расійскіх спецслужбаў, якія забяспечваюць ахову сям'і.

Яго брат Махер Асад, былы камандуючы Рэспубліканскай гвардыяй і 4-й танкавай дывізіяй, таксама першы час жыў у Four Seasons. Паводле слоў крыніц NYT, яго бачылі ў спартзале гатэля, дзе ён скардзіўся на «ганьбу» таго, што адбылося. Пазней Махера заўважалі ў раёне Capital Towers у «Масква-Сіці». Ён таксама з'яўляўся ў кальян-баре «Мята Platinum» і гандлёва-забаўляльным комплексе «Афимолл».

Дочкі братоў Асада цяпер жывуць у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах з дазволу мясцовых уладаў. Абедзве нядаўна адсвяткавалі 22-годдзе. Для дачкі Башара Асада Зэйн была арганізаваная раскошная вечарынка ў доме на Рублёўцы, а дачка Махера Асада Шам адзначыла дзень нараджэння ў Дубаі — спачатку ў рэстаране Bagatelle, затым на прыватнай яхце. Выданне таксама піша, што Зэйн вучыцца ў філіяле Сарбоны ў Абу-Дабі і паралельна атрымала дыплом МГІМА.

Стаўленне братоў да былых паплечнікаў розніцца. Махер Асад, паводле дадзеных крыніц, дапамагаў некаторым з іх грашыма на жытло або запуск бізнесу. Башар Асад, наадварот, пакінуў частку свайго атачэння без падтрымкі. Так, яго асабістых памочнікаў спачатку пасялілі траіх у адным нумары Four Seasons, а на наступны дзень папрасілі самастойна аплаціць пражыванне. Звязацца з Асадом ім не ўдалося, пасля чаго ім прапанавалі перасяліцца ў казармы. Адна з памочніц урэшце вярнулася ў Сірыю і хаваецца ў горнай вёсцы, другая працягвае жыць у Расіі, адчуваючы сур'ёзныя фінансавыя цяжкасці.

Журналістам NYT удалося вызначыць месцазнаходжанне прыкладна паловы з 55 былых прадстаўнікоў сірыйскай эліты — чыноўнікаў, вайскоўцаў, кіраўнікоў спецслужбаў і вучоных, датычных да распрацоўкі хімічнай зброі. Толькі адзін з іх быў затрыманы.

Сярод тых, хто апынуўся ў Расіі:

– былы кіраўнік выведкі Алі Мамлук, 79 гадоў, пражывае ў маскоўскай кватэры, выдаткі на якую, паводле газеты, пакрываюцца з расійскага бюджэту;

– адна з ключавых фігур наркабізнэсу рэжыму Асада Гассан Білал, які фінансуе камфортнае жыццё сваёй сям'і за мяжой — ад Дубая да Іспаніі;

– былы ваеначальнік Джамал Юнес, які аддаваў загады аб расстрэле мірных пратэстуючых, быў заўважаны, катаючыся па Маскве на самакатзе;

– былы міністр абароны Алі Аббас і экс-кіраўнік генштаба Абдуль Карым Ібрагім, абвінавачаныя ў катаваннях і сэксуальным гвалце, з'яўляліся ў гандлёвым цэнтры «Европейский»;

– генерал Кіфах Мулхем і яго зяць Гассан Ісмаілаў, якіх абвінавачваюць у рэпрэсіях супраць пратэстуючых, жывуць у вялікім доме ў Маскве. «Мы жывём як звычайныя грамадзяне», — заявіў Мулхем газеце.

Для шараговых афіцэраў рэжыму эміграцыя аказалася значна цяжэйшай. Паводле NYT, больш за 1200 сірыйскіх сілавікоў пакідалі краіну праз расійскія вайсковыя базы, часта плацячы хабар за месцы на самалётах. У Расіі іх спачатку размяшчалі ў казармах па тры–чатыры чалавекі ў пакоі, а праз некалькі тыдняў патрабавалі самастойна шукаць жытло. Частка з іх атрымала дзяржаўныя датацыі і была рассяленая ў рэгіёнах, у тым ліку ў Сібіры.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках