Беларускі футбаліст дэбютаваў у чэмпіянаце Бельгіі
2- 22.12.2025, 20:12
- 1,178
Ён выступае за клуб «Мехелен».
Гулец нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе Максім Кірыеў дэбютаваў у чэмпіянаце Бельгіі, перадае «Точка».
Ён выступае за клуб «Мехелен», які ў свой час выйграваў Кубак уладальнікаў Кубкаў (1988).
Максім Кірыеў выйшаў на замену на 84-й хвіліне выязнога матча з «Сент-Трюйдэнам» (0:1).
І не паспеў адзначыцца нейкімі яскравымі дзеяннямі.
Кірыеў перайшоў у «Мехелен» улетку 2025-га. У Бельгіі ён паспеў згуляць за «Льерс» (Д2). Акрамя таго, выступаў за нідэрландскі «Віллем II».
Хто такі Максім Кірыеў
Кірыеў — выхаванец бельгійскага футболу. Ён прайшоў акадэмію «Андэрлехта», а затым падпісаў першы кантракт з «Льерсам». У 2023-м дэбютаваў на прафесійным узроўні, неўзабаве атрымаў выклік у зборную Беларусі па футболе.
Кірыеў выходзіў на поле ў таварыскіх матчах з Чарнагорыяй і Мальтай. А 5 верасня 2024-га дэбютаваў у афіцыйным матчы — у паядынку з Балгарыяй.
Старт, нечакана для многіх, атрымаўся гістарычным. Кірыеў увайшоў у топ-3 найлепшых дрыблёраў гульнявога тыдня. Ён здзейсніў сем паспяховых дрыблінгаў, больш было толькі ў папаўабаронцы зборнай Нарвегіі і лонданскага «Арсена́ла» Марціна Эдэгора (8).
Паводле звестак папулярнага партала Transfermarkt, Максім Кірыеў нарадзіўся 9 ліпеня 2004 года ў Бруселі. Яго трансферны кошт ацэньваецца ў €750 тыс.
Таксама вядома, што міжнародную кар'еру Кірыеў пачынаў у зборнай Бельгіі (U-15). Але на радзіме своечасова разгледзелі талент. Максіма пачалі прыцягваць спачатку ў юнацкую каманду U-19, а потым і ў нацыянальную зборную.