Бразілія пачала адмаўляцца ад расійскага дызпаліва
1- 22.12.2025, 18:12
- 3,968
Пасля санкцый Трампа.
Бразілія, што стала буйным пакупніком расійскага дызельнага паліва, ад якога адмовіліся кліенты ў Еўропе, рэзка скараціла імпарт пасля амерыканскіх санкцый, пад якія трапілі «Роснефть» і «Лукойл», піша The Moscow Times.
У лістападзе пастаўкі дызеля з РФ на бразільскі рынак упалі да мінімуму з сакавіка 2023 года — 187 тысяч тон, падлічылі эксперты Інстытута энергетыкі і фінансаў (ІЭФ). У параўнанні з першай паловай бягучага года аб’ёмы зменшыліся ў 3,5 раза. Пры гэтым расійскі дызель Бразілія замяняе амерыканскім: яго імпарт дасягнуў 0,7 млн тон, а частка на рынку перавысіла 60%.
Таксама Бразілія вярнулася да актыўных закупак дызеля з Індыі (0,9 млн тон у ліпені–лістападзе супраць 0,2 млн тон у першай палове года), павялічыла імпарт з ААЭ (0,1 млн тон) і ўпершыню набыла партыю ў Кітаі аб’ёмам 40 тысяч тон, адзначае ІЭФ.
Пасля пачатку вайны Бразілія нарастыла закупкі расійскага дызеля больш як у 50 разоў — да 7,4 тон, або $5,4 млрд летась. У выніку паліва з РФ заняло 60% бразільскага рынку, а для расійскіх нафтавікоў Бразілія стала другім найбуйнейшым кліентам па дызелі пасля Турцыі, якая закупіла 16,8 млн тон.
Наладжаныя плыні экспарту дызельнага паліва пачалі даваць збоі яшчэ напрыканцы лета, калі адміністрацыя Дональда Трампа пагразіла гіганцкімі мытамі краінам за энергетычнае супрацоўніцтва з Крамлём. Гэта выклікала занепакоенасць бразільскіх імпарцёраў, якія сталі залежнымі ад нафтапрадуктаў з РФ, казаў Роберто Арденги, кіраўнік IBP — лобісцкай групы, што аб’ядноўвае найбуйнейшых гульцоў энергарынку Бразіліі.
Лістападаўскія санкцыі ЗША яшчэ мацней ударылі па пастаўках. Экспарт нафтапрадуктаў у Бразілію ажыццяўляецца з балтыйскіх партоў, дзе, паводле Wood Mackenzie, каля 40% аб’ёмаў прыпадае на заводы «Роснефть» і «Лукойла».
Бразілія па канец верасня 2025 года набыла ў суме 12% нафтапрадуктаў, экспартаваных Расіяй, паводле даных фінскага цэнтра CREA, саступіўшы толькі Турцыі (26%); Кітай таксама купіў 12%.