22 снежня 2025, панядзелак, 13:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Абурылася: навошта вам столькі гарбаты, кавы»

5
«Абурылася: навошта вам столькі гарбаты, кавы»

Беларусы шчыра распавялі пра дагляды мытнікаў.

Апошнімі днямі беларусаў масава дапытваюць на мяжы пры вяртанні з Еўропы. Але для некаторых гэта зусім не праблема. Іх больш хвалююць дагляды мытнікаў.

Журналісты BGmedia паглядзелі ў памежных чатах, што пра мытнікаў у пункце пропуску «Брэст» пішуць тыя, хто перасякае мяжу на аўтамабілях і аўтобусах.

Людзі не разумеюць логіку даглядаў брэсцкіх мытнікаў

Карыстальнікі памежнага чата пра пагранпераход «Цярэспаль — Брэст» дзеляцца гісторыямі пра тое, як праходзілі дагляды брэсцкіх мытнікаў у апошнія дні. Напрыклад, бацькам дзяўчыны пагражалі, што ўключаць аўто ў «асаблівы спіс». Яна пыталася ў беларусаў, ці ёсць такі спіс:

«Бацькі ехалі праз «Брэст», везлі каву, гарбату, нешта з хіміі, але ўсё ў межах нормы і па колькасці, і па вазе. Мытніца прычапілася, абурылася: навошта вам столькі гарбаты, кавы і г. д. Паглядзела па пашпарце, што ехалі 8 дзён таму. Сказала, што часта ездзяць і што ўнясе машыну ў «асаблівы спіс». Можа, хтосьці сутыкаўся, ці існуе такі спіс насамрэч і чаго можна чакаць пры наступным пераходзе мяжы?».

«Ніхто вам дакладна не скажа. Напэўна, нешта ёсць для фіксацыі падазронай актыўнасці ў перавозцы тавараў. Магчыма, проста наступным разам будуць трасьці, як грушу, у межах правілаў, вызначаных законам».

«Наступным разам паглядзяць гэты ж тавар; калі ён зноў трапіць да іх, то потым могуць кожны раз ганяць праз рэнтген і яму».

Яшчэ адзін прыклад. Беларус вяртаўся дадому з калегам. На дваіх яны везлі 50 кг тавараў і рэчаў. Мытніца да іх прычапілася і запатрабавала падзяліць іх пакупкі. Мужчыну гэта не спадабалася:

«Пастаянна 6 гадоў катаюся да 6 разоў на год на працу і дадому. Упершыню такое. Усё ператрэсла, на рэнтген адправіла. Ехалі ўдваіх з калегам, дык прымусіла раскласці паасобку закупы аднаго і другога. І на вагі. А не так, што 50 кг на дваіх. Хоць і сказалі, што працуем разам і ўсё разам куплялі.

Пытанне не да яе. А за 6 гадоў — выключэнне з правілаў. Ездзім не кожны тыдзень, а раз на 2–3 месяцы, часам 4. У абодвух віды на жыхарства, то-бок выдатна зразумела, што мы не перакупшчыкі, а людзі едуць у адпачынак. Але нават нягледзячы на ўсё гэта — капанне нават у бруднай бялізне».

Яму паспрабавалі патлумачыць логіку мытнікаў:

«Проста выконвае сваю працу. І зноў жа, вы абавязаны разумець свае дзеянні на мяжы. Вось вы паказалі вагу 50 кг разам — яна магла не рабіць вам слабіны, а адразу палічыць аднаму з вас перавышэнне на 25 кг. Усё».

«На мытні няма такога — «разам куплялі». Калі два чалавекі едуць, і ў аднаго чамадан 20 кг, а ў другога 30 кг, дык другі заплаціць за перавагу 5 кг, нават калі гэта сваякі. У прынцыпе, могуць заплюшчыць вочы або дазволіць перакласці рэчы ў такой сітуацыі, але не абавязаныя. А калі рэч недзялімая, дык дакладна давядзецца плаціць, калі больш за 25 кг, хай нават 10 чалавек разам будуць».

Ёсць і іншыя гісторыі. Некаторыя з пазітыўным фіналам, некаторыя — не:

«Выгрузіла рэчы, веласіпед. І адразу мадам: у вас будзе перавага. Кажу: як так? Веласіпед, сродкі для мыцця, цукеркі. Карацей, узважылі абсалютна ўсё. І маленькія цацкі вагой 100 грамаў. Веласіпед быў задэклараваны, але чамусьці ў базе не лічыўся. Склалі акт, уклалася ў кг, яшчэ 300 грамаў было свабодных. Знаёмую дзяўчыну чакаў штраф і аплата перавагі».

«РП – РБ [18 снежня]. Пад’ехала да мяжы ў 10:15. У 10:35 заехалі на мост на нейтралку. У 10:50 заехалі да беларусаў. У 11:45 выехалі ад беларусаў. Уся мытня за 1 гадзіну 30 хвілін. Хіба так бывае?»

«РП — РБ, 17 снежня. Еўранумары, санкцыйнае па аб’ёме і клірансе аўтамабіля. Пашпарт РФ + ЕС. Да беларусаў на чырвоны канал, з афармленнем часовага ўвозу. Ператрасалі ўсе рэчы на сталах. Навоштасьці двойчы абшуквалі мяне металадэтэктарам: першы раз у пагранічнікаў, другі — у мытнікаў. І тыя, і другія аглядалі машыну, незразумела, навошта дубляванне. І ў завяршэнне ўсяго дзяўчына адправіла маю машыну на рэнтген, што заняло яшчэ гадзіны 2. У выніку час ад пачатку чаргі ў Цярэспалі да выезду ў Брэст заняў 12 гадзін».

Некаторыя лічаць, што такое доўгае праходжанне мяжы — з-за маладых супрацоўнікаў мытні ў пункце пропуску «Брэст».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках