«Муж ні за што не адмовіцца ад мяса па-французску, халадзец — абавязкова»
13- 21.12.2025, 10:55
- 2,546
Беларусы распавялі, што паставяць на стол у навагоднія святы.
Беларусы ўнутры краіны распавялі «Салідарнасці», што не ва ўсіх ёсць настрой святкаваць шумна і багата, але галоўным упрыгожваннем стала будзе ўсё ж не тэлевізар, — некаторыя нават падзяліліся рэцэптамі («Домікі» і «Каханка»). Імёны ўсіх суразмоўцаў зменены з меркаванняў бяспекі.
Напрыканцы года мы традыцыйна распыталі беларусаў пра тое, як яны рыхтуюцца да навагодніх свят. У тым ліку — і што абавязкова паставяць на стол.
У суседняй Літве, напрыклад, фаварыт каляднага стала — традыцыйнае печыва кучюкай з маковым малаком і ўсялякія стравы з селядца. А што зрабілі традыцыяй беларускія сем'і і ці адвыклі ад савецкага «тазіка аліўе»?
«Як у мамы ў печы, усё адно не атрымлівалася»

— Я прыгатую зусім крыху аліўе — сама яго не вельмі люблю, хутчэй як даніна традыцыі і з разлікам, што сяброўкі мае зайдуць у госці, — кажа жыхарка раённага цэнтра, пенсіянерка Алена Мікалаеўна. — А яны прынясуць хатнія наліўкі — бо тое, што ў нас называюць шампанскім, піць увогуле нельга, тым больш у свята.
Раней, бывала, я запякала мяса, як мама калісьці. Вялікі кавалак свіной шыі нашпігоўвала часнаком, чарнаслівам, морквай, кавалачкамі вэнджанага сала — і запякала ў духоўцы. Так, як у мамы ў печы ў чыгунку, усё роўна не атрымлівалася, але дзецям, ды з рассыпістай бульбай, вельмі падабалася. А цяпер я адна, дзеці ў іншых краінах і прыехаць, на жаль, не могуць нават на свята, дык які сэнс так старанна гатаваць?
Хоць, мабыць, зраблю кручэнікі — гэта тонкія адбівныя з мяса (я бяру курынае філе) з салам і кавалачкам морквы ўнутры. Трэба дадаць любімых спецый, трошкі вады і тушыць на малым агні, каб кручэнікі сталі мяккія-мяккія — а на гарнір падыдзе што заўгодна, хоць пюрэ, хоць салата або гародніна. Праўда, свежая гародніна ў нас цяпер дарагая і па якасці, проста скажам, не надта.
А які ў нас наогул наступны год — каня? Ну, тады 1 студзеня запарву аўсянку з ягадамі і мёдам: і «гаспадару года» прыемна, і мне смачна, лёгка і карысна.
«Успомніла пра сваё дзяцінства»
— У мяне планы вельмі простыя, паколькі вялікіх кампаній не будзе, толькі сямейныя пасядзелкі. Запекчы птушку з бульбай, назрабіць пару салатаў, прыгожа раскласці мандарыны з вінаградам, гародніну і мясную нарэзку, канапэшкі з чырвонай рыбай, ды і хопіць, — хутка пералічвае мінчанка Алеўціна.
Праўда, падумаўшы, узгадвае, што дзеці прасілі штосьці салодкае і незвычайнае. А да крамных тартоў і пірожных, прыгатаваных напярэдадні вялікіх святаў, наша суразмоўца даверу не мае.

— І тут я ўспомніла пра сваё дзяцінства і пірожнае «Домікі», яго якраз на Новы год рабілі і астыжвалі на балконе, бо халадзільнік да таго часу быў забіты рознасоламі.
У навагоднюю ноч да дэсерту, як правіла, справа не даходзіць — а вось 1 студзеня, калі сур'ёзна есці не хочацца, але «мам, чагосьці пажаваць бы», ды з ароматнай гарбатай або кавай — сама тое!
Алеўціна падзялілася рэцэптам — ён не складаны:
«Домікі»
Бярэце печыва тыпу «Топленае малако» або «Шахматнае» ад «Слодыч», ды хоць «Землянічнае» — галоўнае, каб квадратнай або прамавугольнай формы, але не крэкеры. Калі ядуноў мала, хопіць маленькай пачкі, але лепш 200 грамаў і больш.
Унутр — спатрэбіцца пачак тварогу (ніякай рыкоты або маскарпоне, яны не будуць трымаць форму!) і джэм або сухафрукты. Можна ўзяць свежыя ягады, мандарыны або банан, але тады дэсерт трэба з'есці літаральна за суткі.
І, вядома, сметанковае масла, добрае какава і цукар. Топлены шакалад — адразу не, ён зацвярдзее і будзе асыпацца, а нам гэта не трэба.
На харчовую плёнку або фальгу выкладзіце печыва па тры ў рад, намецце па краях. Потым печыва прыбярыце, а атрыманую прастакутную «фігуру» «замажце» сумессю з растопленага масла, какавы і цукру, не занадта тонка. Па-над шакаладнай фігурай зноў раскладзіце печыва. Некаторыя смачваюць яго ў малацэ, я — не, яно дастаткова мяккае.
На сярэдні рад выкладваем тоўстай палоскай 2–3 лыжкі тварагу, перацёртага з маслам і ванільным цукрам, па цэнтры палоскай — пласт джэму, або палоску банана, або ягады/сухафрукты, і зверху астатні тварог. А далей справа тэхнікі: падняць харчовую плёнку за краі так, каб скласці трохвугольны «домік», і адправіць яго на дошчачцы або кілімку ў холад хаця б на пару гадзін.
Можна ўзяць адразу шакаладнае печыва і прапусціць этап з какава, але, як па мне, так шматслаёвей і смачней. Перад падачай нарэжце «домікі», калі хочаце, пасыпце цукровай пудрай або какосавай габлюшкай у выглядзе снегу. Смачна есці!
«Што, аліўешачкі не будзе?»
У сям'і Аксаны і Сяргея з Мінска меню на Новы год складаюць калектыўна: за месяц вешаюць на халадзільнік спіс жаданняў, куды кожны можа дадаць пажаданую страву, а праз нейкі час выкрэсліваюць нерэальныя хацелкі і купляюць прадукты на ўсё астатняе.
— Мы ўжо некалькі гадоў спрабуем адмовіцца ад «аліўе», і штогод, літаральна штогод, хтосьці (часцей за ўсё муж або старэйшы сын) прыходзіць да халадзільніка, чытае спіс і гучным пакрыўджаным голасам пытаецца: «Дык што, аліўешачкі не будзе?!» — смяецца Аксана.
— Для справядлівасці, мы сапраўды гатуем гэты салат раз на год, — дадае Сяргей, — і рэжу яго я. Таксама, як і марыную і запякаю качку з яблыкамі: я адзіны, у каго яна ніколі не падгарае і атрымліваецца пяшчотнай. Дзеці мяне ўжо празвалі «качачым татам», але лупаюць затое маю качачку за мілаю душу!
А Аксана адказвае за эксперыменты, да гэтага Новага года, напрыклад, затэяла штолены. Затэяла адразу на некалькі сем'яў: мы, брат з жонкай, мае і яе бацькі.
Ужо пару тыдняў гэтае багацце (я не жартую, вы б ведалі, колькі туды пайшло ўсялякіх прыправ, арэхаў, сухафруктаў, марцыпана і рому!) даспявае ў сакрэтным месцы. Хоць для мяне — каврыжка і каврыжка, але жонка запэўнівае, што ўвогуле не параўнаць. Чакаю, так бы мовіць, каб праверыць і пераканацца.
Акрамя фірмовай качкі і часцінкі еўрапейскага Божага Нараджэння, кажуць суразмоўцы «Салідарнасці», яны заўсёды ставяць на стол фаршаваныя яйкі з грыбамі і цыбуляй, міні-бутэрбродзікі на адзін укус, якія абажаюцца дзецьмі, і тарталеткі «не важна з чым, але ўпрыгожыць трэба «ялінкай» з агурка на шпажцы і памідоркай чэры».
«Халадзец — абавязкова!»

— Муж ні за што не адмовіцца ад мяса па-французску, — усміхаецца ў размове пенсіянерка Альбіна Сяргееўна, — пры тым ён займаецца гэтай стравай сам, ад і да: і прыправы прадумвае, і мяса загадзя адбівае і марынавае, і бульбу «правільную» бярэ, і цыбулі паболей.
Халадзец — абавязкова! Калі яшчэ з ім вазыцца, як не на Новы год. Я ў яго шчодра дадаю курыныя або нават індычыны шыі, атрымліваецца вельмі пяшчотна.
Паколькі дзеці ўжо выраслі і раз'ехаліся, «аліўе», іншыя цяжкія салаты і сто тысяч бутэрбрадаў з рознай начынкай паступова зніклі з нашага меню.

Затое я гатую салату «Каханка» — не памятаю, у каго з падруг яе падглядзела вельмі даўно і не ведаю, чаму назва менавіта такая, магчыма, з-за пікантнасці смаку. А рэцэпт просты.
Салата «Каханка»
Патрэбныя адварныя буракі і сырая морква ў роўных долях, цвёрды цёрты сыр, часнок, маянэз, чарнаслів і разынкі.
Першы пласт — цёртая морква з разынкамі (можна яшчэ грэцкія арэхі, калі любіце), зверху — сетачка маянэзу. Другі пласт — цёртыя буракі з дробна парэзаным чарнаслівам, сетачка маянэзу. Трэці — цёрты сыр з часнаком, маянэз. Хоць бы на некалькі гадзін пастаўце ў халадзільнік, каб прасякнуўся.
«Па кватэры паплыве любімы водар»
Мінчанка Аксана дзеліцца, што раней любіла праводзіць навагоднія святы ў вялікай кампаніі, таму загадзя замарочвалася з фаршавай курыцай, запечанай залатаватай бульбай, трыма відамі салатаў, нарэзкамі і канапэ. Але гэты Новы год яны будуць сустракаць толькі ўдваіх з маладым чалавекам і прыгатуюць «нешта сціплае».
— Дакладна ведаю толькі пра дзве стравы, якія буду гатаваць. Гэта булачкі (з капустай і з вішняй), бо я вельмі «сябрую» з тэстам і яны заўсёды атрымліваюцца пышнымі, духмянымі і смачнымі, да мяне нават суседзі забягаюць нібыта між іншым па соль, а сыходзяць з какавай і булачкамі.
І яшчэ калінавы кісель — мяне калісьці даўно навучыла яго гатаваць бабуля. На жаль, яе ўжо трэці год няма з намі, а кісель я працягваю гатаваць, гэта ўжо як традыцыя. Ён у любым выглядзе смачны і вітамінны, хоць халодны, хоць гарачы.
Тут галоўная хітрасць — што ягады трэба збіраць за горадам, падалей ад цывілізацыі (у нас каля дачнага пасёлка ёсць такі лес) і яны павінны быць падмаражаныя. Але пакуль з зімой у Беларусі ўсё не надта, дык я пару пакецікаў каліны загадзя сабрала і адправіла ў маразільнік. Ужо чакаю, як 31 снежня звараю — і па кватэры паплыве любімы водар…
Яшчэ вельмі хачу асвоіць крупнік (маю на ўвазе алкагольны беларускі напой на аснове мёду). Пару разоў спрабавала ў парку гісторыі «Сула» і закахалася — але пакуль у мяне з ім не надта сраслася.