Названы прадукт, які вяртае біялагічную маладосць
4- 21.12.2025, 9:38
- 6,212
Даследаванне правялі ў Каралеўскім каледжы Лондана.
Даследаванне Каралеўскага каледжа Лондана паказала, што цёмны шакалад змяшчае рэчыва тэабрамін, якое патэнцыйна можа запавольваць біялагічнае старэнне. Навукоўцы даследавалі больш за 1600 удзельнікаў і высветлілі, што павышаны ўзровень тэабраміну ў крыві карэлюе з маладзейшым біялагічным узростам арганізма.
Пра гэта піша Express.
Біялагічны ўзрост адлюстроўвае стан арганізма, яго здароўе і функцыянальныя магчымасці, а не каляндарны ўзрост. Напрыклад, 45-гадовы ўдзельнік даследавання мог мець біялагічны ўзрост 35 гадоў, калі ўзровень тэабраміну быў высокі.
Прафесар Джордана Белл, аўтарка даследавання, адзначыла: «Нашае адкрыццё паказвае сувязь паміж кампанентамі цёмнага шакаладу і захаваннем маладосці. Гэта не азначае, што трэба есці больш шакаладу, але даследаванне дапамагае зразумець, як харчаванне ўплывае на даўгалецце».
Навукоўцы таксама правяралі какава і кафеін, але амаладжальныя ўласцівасці выявілі толькі ў тэабраміне. Гэта прыроднае расліннае злучэнне, якое, акрамя патэнцыйнага ўплыву на старэнне, валодае антыаксідантнымі ўласцівасцямі, паляпшае кровазварот, кагнітыўныя функцыі і можа зніжаць узровень халестэрыну.
Доктар Рамі Саад, галоўны даследчык, адзначыў, што адкрыццё можа стаць асновай для новых даследаванняў старэння і прафілактыкі розных захворванняў.
Не ўсе батончыкі з пазнакай «цёмны шакалад» карысныя. Спецыялісты раяць выбіраць вырабы з не менш як 70% какава, без лішніх цукроў і дабавак. Менавіта такія прадукты могуць прыносіць карысць арганізму і дапамагаць падтрымліваць здароўе і маладосць.