20 снежня 2025, Субота, 14:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расійскі танкер вырашыў выпрабаваць нафтавую блакаду Трампа

4
Расійскі танкер вырашыў выпрабаваць нафтавую блакаду Трампа

Судна «ценявога» флоту прыбыло ў Венесуэлу.

Танкер «ценявога» флоту Расіі, які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, прыбыў у венесуэльскі порт пасля таго, як прэзідэнт Дональд Трамп абвясціў нафтавую блакаду Венесуэлы, піша «Агенцтва».

Трамп абвясціў пра ўвядзенне блакады ў сераду. У гэты час, паводле сэрвісаў адсочвання суднаў, танкер Hyperion знаходзіўся недалёка ад Грэнады. Увечары ў чацвер танкер, што выйшаў з Мурманска напрыканцы лістапада, увайшоў у тэрытарыяльныя воды Венесуэлы і ў пятніцу пасля паўдня стаў на якар у порце Амуай, дзе размешчаны найбуйнейшы нафтаперапрацоўчы комплекс Венесуэлы.

Пакуль не ясна, ці пакіне танкер порт пасля разгрузкі.

Hyperion, які раней трапіў пад санкцыі ЗША за перавозку расійскай нафты, можа стаць першым суднам, што выпрабуе вайскова-марскую блакаду Венесуэлы, уведзеную Трампам, лічыць Bloomberg.

Што могуць зрабіць ЗША? Яшчэ да абвяшчэння блакады амерыканскія ўлады захапілі ля ўзбярэжжа Венесуэлы нафтавы танкер Skipper, высадзіўшы на яго борт з верталётаў 20 супрацоўнікаў Берагавой аховы, марпехаў і байцоў спецназу. Судна знаходзілася пад санкцыямі. Паводле дадзеных ЗША, танкер удзельнічаў у гандлі іранскай нафтай, якая прыносіла даход іранскім групоўкам, прызнаным тэрарыстычнымі арганізацыямі.

ЗША могуць канфіскаваць судны, што знаходзяцца па-за межамі іх юрысдыкцыі, або судны, якія не ідуць у ЗША або з ЗША, толькі ў тым выпадку, калі Вашынгтон увёў у дачыненні да іх санкцыі за сувязі з групамі, якія ён лічыць тэрарыстычнымі, — сказаў Reuters Дэвід Танэнбаўм, дырэктар кансалтынгавай фірмы Blackstone Compliance Services.

Hyperion трапіў пад санкцыі з іншай прычыны. Абмежаванні, уведзеныя супраць яго, былі накіраваныя на скарачэнне даходаў Расіі ад экспарту энергарэсурсаў з-за вайны ва Украіне, піша Reuters.

«Hyperion не мае вядомых сувязяў з тэрарызмам, і таму, калі нельга даказаць, што ён падпадае пад юрысдыкцыю ЗША, Вашынгтон не зможа захапіць яго па-за межамі сваёй тэрыторыі», — мяркуе Танэнбаўм, які раней працаваў ва Упраўленні па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША.

Іншыя судны «ценявога» флоту. Іншае судна, якое перавозіць расійскія энергарэсурсы і за гэта знаходзіцца пад санкцыямі, танкер Agate у пятніцу змяніў свой курс. Замест Карыбскага басейна цяпер яно накіроўваецца ў бок Афрыкі.

Судна Garnet пад сцягам Аману, таксама пад санкцыямі і загружанае ў порце Высоцк, працягнула свой шлях у бок Карыбскага басейна.

Кантэкст. На гэтым тыдні Дональд Трамп абвясціў марскую блакаду Венесуэлы. Судзячы з допісу прэзідэнта ЗША, яна датычыцца толькі суднаў, што трапілі пад санкцыі. Такім чынам Трамп спрабуе пазбавіць прэзідэнта Венесуэлы даходаў ад нафты ў межах свайго плана па адхіленні яго ад улады.

Расія пастаўляе ў Венесуэлу нафтавую сыравіну, якая выкарыстоўваецца для разбаўлення смалістай венесуэльскай нафты, каб зрабіць яе прыдатнай для перапрацоўкі на нафтаперапрацоўчых заводах.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках