«У цябе ў руках чыясьці кватэра!»
4- 2.12.2025, 21:53
- 6,090
Беларускі блогер зарабляе 200 рублёў за кароткае відэа.
Гродзенскі блогер TOP_XA4 просіць за 30-секундны рэкламны ролік у Reels 200 рублёў. Відэамэйкер, на якога ў Instagram падпісаныя больш за 50 тысяч чалавек, паказаў сваю тэхніку і растлумачыў, колькі каштуе стварэнне відэакантэнту, заўважыла Hrodna.life.
Для тых, хто лічыць, што гэта дорага, блогер прадэманстраваў абсталяванне, якое ён выкарыстоўвае ў працы. Напрыклад, фотаапарат са стабілізатарам у яго каштуе 2450 долараў, аб'ектыў — 500 долараў, дадатковыя батарэі — яшчэ 500, відэакамера — 8000 долараў, стабілізуючая тэхніка — 1000 долараў.
MacBook для мантажу абышоўся ў 2250 долараў, шкло для аб'ектыва — у 100 долараў, а акумулятары для відэакамеры — у 300 долараў. Усяго, паводле яго слоў, на тэхніку ён выдаткаваў каля 15 100 долараў.
У каментарах пад публікацыяй падпісчыкі пераважна падтрымалі блогера.
«Гэта вы яшчэ дарогу не ўлічылі», — заўважыў адзін з карыстальнікаў.
Гродзенец адказаў: «Калі б я ўлічваў усё, дык даўно б ужо выбраўся з гэтай галечы», — напісаў ён, ці то жартам, ці то ўсур'ёз.
Іншы каментатар здзівіўся: «У цябе ў руках чыясьці кватэра!»
Блогер адрэагаваў з гумарам: «Ну кватэра — не, а вось машына — так».
Многія адзначылі, што самае дарагое ў здымках — нават не тэхніка, а час спецыяліста.
«Самае дарагое нават не тэхніка — а ваш час (зняць і мантаж)», — напісаў адзін з падпісчыкаў.
Іншыя нагадвалі, што ведаў і навыкаў, набытых за гады навучання, таксама ніхто не адмяняў. Знайшліся і тыя, хто прапанаваў тым, каго пужаюць такія расцэнкі, здымаць самім:
«Дык хай здымаюць на свае тэлефоны — так дакладна танней», — напісала адна з падпісчыц.