Літва можа перанесці начныя рэйсы з аэрапорта Вільнюса ў Каўнас
6- 2.12.2025, 8:50
- 2,488
З-за правакацый беларускага рэжыму.
З-за пачашчэння выпадкаў прылёту метэазондаў, якія парушаюць працу Вільнюскага аэрапорта, у Літве разглядаецца магчымасць выканання начных рэйсаў з Каўнаса. Пра гэта заявіў прадстаўнік прэм'ер-міністра Ігнас Добравольскас, піша MadeinVilnius.
«Мы ацэньваем магчымасць пераносу начных рэйсаў у іншыя аэрапорты краіны, напрыклад у Каўнас, працягваем прымаць меры супраць мясцовых кантрабандных сетак, актыўна выкарыстоўваем дыпламатычныя каналы», — заявіў Ігнас Альгірдас Добравольскас агенцтву BNS.
Паводле яго слоў, урад на дадзены момант не разглядае закрыццё мяжы з Беларуссю.
«Наша ўвага сканцэнтравана на тым, як рэальна дапамагчы людзям і бізнесу цяпер», — сказаў чыноўнік.
Нагадаем, вечарам у нядзелю, 30 лістапада, Вільнюскі аэрапорт перастаў прымаць і адпраўляць рэйсы — паводле папярэдняй інфармацыі, з-за чарговага ўварвання метэазондаў з кантрабандай з боку Беларусі. Аэрапорт аднавіў працу 1 снежня а 5.00.
Дырэктар кампаніі Oro navigacija (Паветраная навігацыя) Саулюс Батаўічус заявіў, што ў бок Літвы было запушчана каля 60 шароў, з іх парадку 40 знаходзіліся ў крытычна важных для пасадкі самалётаў зонах.
У МУС Літвы паведамілі, што планаў па паўторным закрыцці мяжы з Беларуссю пакуль няма, але гэты варыянт не выключаны.