Украіна перадала саюзнікам месца базавання «Арэшніка» ў Беларусі
7- 19.12.2025, 17:22
- 11,786
У «Арэшніку» ёсць заходнія дэталі, заявіў Зяленскі.
Украіна перадала партнёрам інфармацыю пра тое, дзе ў Беларусі знаходзіцца расійскі ракетны комплекс «Арэшнік».
Пра гэта ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў на прэс-канферэнцыі з польскім прэзідэнтам Каролем Навроцкім.
Пра тое, што «Арэшнік» пастаўлены на баявое дзяжурства, 18 снежня заявіў Лукашэнка.
- Мы разумеем, дзе ён будзе размешчаны. Мы перадаём інфармацыю нашым партнёрам. Думаю, партнёры самі могуць ацаніць гэтую пагрозу і зразумець, як ім на гэта рэагаваць, – сказаў Зяленскі.
Ён адзначыў, што Кіеў папярэджваў еўрапейскіх і амерыканскіх партнёраў пра тое, што «Арэшнік» будзе перамешчаны. У ім ёсць заходнія дэталі, якія акупанты атрымліваюць праз трэція краіны, адзначыў кіраўнік украінскай дзяржавы.
- Мы паказвалі адлегласць, на якую ён будзе дзейнічаць. Гэта пагроза для многіх еўрапейскіх краін, у прыватнасці для Польшчы, Германіі і іншых... Мы разумеем, як з гэтым змагацца. Мы прасілі, каб партнёры ўжылі санкцыі супраць кампаній, якія знаходзяцца як у Еўропе, так і на іншых кантынентах.
Кампаніі, якія прадаюць кампаненты, што падыходзяць да «Арэшніка», праз трэція краіны. Без гэтых кампанентаў Расія развіваць вытворчасць «Арэшніка» проста не можа. Я не бачу гэтых уведзеных санкцый, калі шчыра. Пакуль што, – дадаў Зяленскі.