19 снежня 2025, Пятніца, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Герой і блазан памяняліся месцамі

1
Герой і блазан памяняліся месцамі

Як жыццё змяніла легендарных спартсменаў.

Пра гімнаста Іванкова, футбаліста Тумілавіча і чалавечую мужнасць. Назіраючы сёння за кумірамі дзяцінства, дзіву даешся, што з імі зрабіў час.

Лета 1996 года. Некалькі тыдняў да Алімпіяды ў Атланце (ЗША): беларускія балельшчыкі сочаць за падрыхтоўкай сваіх спартсменаў да галоўнага старту чатырохгоддзя. Па сутнасці, гэта першая летняя Алімпіяда для незалежнай Беларусі – у 1992-м выступала «зборная СНД».

Адзін з галоўных герояў – гімнаст Іван Іванкоў. Ён ужо чэмпіён свету ў шматбор’і, г.зн. №1 у мужчынскай гімнастыцы.

Памятаю той злашчасны дзень. У тэлевізійных навінах а 17:00 паказалі – Ваню трэнеры нясуць на руках, ён атрымаў найцяжэйшую траўму і выступаць у ЗША не паляціць. Гэта быў удар у сэрца, які ўспамінаўся і многія месяцы пазней.

Але праз год Ваня зноў стаў чэмпіёнам свету ў шматбор’і. Ён быў гонарам краіны: мужны, прыгожы, сціплы і ветлівы.

За яго перажывалі, у яго верылі. У кар’еры Іванкова потым было яшчэ шмат чаго – і ўзлётаў, і падзенняў. Яшчэ адзін момант яго славы – з’яўленне на вокладцы папулярнага амерыканскага часопіса Sports Illustrated.

Дарэчы, у ЗША Іванкоў пасля завяршэння кар’еры і з’ехаў – працаваць трэнерам. Тады ўсё выглядала так, што гэта лагічнае завяршэнне прыгожай гісторыі.

Калі Ваня, здавалася, быў нябожыцам, то ў гэты час футбольны брамнік Гена Тумілавіч вёў надзвычай прыземлены лад жыцця. Шырока вядомая гісторыя, як ён, будучы нецвярозым, угнаў аўтобус з клубнай базы – але да горада не даехаў: увялі план «Перахоп» і футбаліста жорстка затрымаў АМАП.

Інцыдэнты і скандалы суправаджалі Гену ўсю кар’еру, якая, лічы, паспяховай не атрымалася: беларускі брамнік-балагур пераважна іграў за правінцыйныя расійскія каманды.

Але Гену пры гэтым нельга было не любіць. Па-першае, за шчырасць. Па-другое, за выступленні за зборную Беларусі. У 2001 годзе ён іграў за яе так самаахвярна, што нават не маючы клуба (г.зн. асноўнага месца працы) быў прызнаны найлепшым футбалістам краіны.

Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры Тумілавіч, стаўшы трэнерам, надоўга знік – недзе ў правінцыйных гарадах Расіі.

…Мінула 20 гадоў.

Снежань 2025-га. Іван Іванкоў прыляцеў у Мінск і правёў трэніроўку для дзяцей перад тэлекамерамі. А ў інтэрв’ю ўзгадаў савецкія часы: «Мы былі наперадзе ўсіх на 30 гадоў... Нас на самой справе баяліся ўсе ў свеце — гонар дзяржавы выпускаць нельга было».

А яшчэ Іванкоў назваў «прыніжэннем» нейтральны статус беларускіх спартсменаў, ніяк не пракаментаваўшы прычыны такой сітуацыі.

Легендарны атлет ці то з-за свайго страху, ці то з-за сваіх поглядаў аказаўся няздольны ні ў 2020-м падтрымаць беларусаў, ні пасля 2024-га асудзіць напад на Украіну. Прамаўчаў, нават знаходзячыся ў ЗША ў бяспецы. І, жывучы ў ЗША, нахвальваць СССР – хіба гэта не камедыя?

Іван Іванкоў і Генадзь Тумілавіч, снежань 2025 года

У гэты час Тумілавіч не баіцца крытыкаваць беларускія ўлады, займаючы прынцыповую пазіцыю з 2020-га. Прычым да нядаўняга часу ён даволі моцна рызыкаваў, робячы гэта з Расіі.

@gazetaby Легендарны футбольны брамнік зборнай Беларусі Генадзь Тумілавіч выказаўся з нагоды таго, што ў сучасны беларускі спорт начальнікамі прызначаюць людзей з якіх заўгодна сфер, толькі не з тых, якімі яны кіруюць #новостибеларуси #беларусьсейчас #белтикток #gazetaby #медыясалідарнасць ♬ оригинальный звук - Салідарнасць

Цяпер былы футбаліст у Ізраілі: і хоць Тумілавіч апынуўся ў фінансавай яме, забіраць словы назад і вяртацца ў Беларусь або Расію нават не думае («Лепш здохну тут на моры»).

У таго, каго ў мінулым не ўспрымалі сур’ёзна, аказалася больш мужнасці, чым у легендарнага атлета.

Марк Дзюба, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках