«Ну і хай, будзем стройнымі і прыгожымі»
2- 19.12.2025, 9:28
- 3,126
Беларусы здзіўляюцца цэнам на кандытарскія вырабы.
Беларуска здзівілася нізкім цэнам у кафэ фірмовага магазіна «Камунарка» ў Мінску. Але каментатары параілі ёй звярнуць увагу на кошт за кілаграм і раскрытыкавалі якасць салодкасцяў, піша «Зеркало».
«Камунарка» на Нямізе: цэны спыніліся дзесьці ў 2015-м», — напісала карыстальніца Threads. На фота яна паказала, што ў кафетэрыі прадаюць арэшкі са згушчонкай па 71 капейку за 20 грамаў, а пірожныя — па 91 капейку і 1,22 рубля за штуку.
«Вы глядзіце цану за кілаграм, а не цану за штуку. Малая вага прадукту — вось і цана за адзінку невялікая», — пакінулі каментар пад пастом. Сапраўды, на цэнніках бачна, што арэшкі каштуюць па 35,5 рубля за кілаграм, а пірожныя — 30,33 і 24,4 рубля.

Некаторых каментатараў такі кошт, наадварот, непрыемна здзівіў, а хтосьці выказаў незадаволенасць ростам цэн на салодкае. Былі і тыя, каго абурыла якасць прадукцыі. Вось некаторыя каментары:
«35 рублёў за арэшкі сумнеўнай якасці? Вы ў сваім розуме?»
«Не ведаю, што там у вас спынілася. Канфеты «Сталічныя» яшчэ вясной каштавалі каля 25 рублёў за кілаграм, а цяпер — усе 40!»
«„Кузнечык“ вясной быў 12 рублёў, а цяпер — 23».
«40 рублёў за кілаграм эклераў з хімозным смакам. Я ў «Кароне» купляла за 24 рублі значна лепшай якасці».
«Сабекошт такіх 40 арэшкаў — 11 рублёў. А вы за 10 штук гатовыя аддаць 7,1 рубля і кажаце — танна».
«Увогуле, тут была адна тэма, дзе дзяўчына настойвала, што ў «Камунарцы» боскія дэсерты за капейкі і няма сэнсу хадзіць у кандытарскія і купляць пірожныя за 15 рублёў. Я пайшла ў «Камунарку» і купіла слаёныя трубачкі. Бо ну як можна сапсаваць трубачкі з бялковым крэмам, падумала я. Я хацела трубачкі з бялковым крэмам, а атрымала нейкую пластыкавую х**ню ўнутры, якую яны назвалі суфле. І яшчэ раз упэўнілася, што добры дэсерт не можа каштаваць 2 рублі. Нідзе. Ніколі».
«Так, там можна бюджэтна выпіць чай/каву з дэсертам».
«Кандытарка прыкметна падаражэла. Ну і хай, будзем стройнымі і прыгожымі».
«12 долараў за кіло? Гэта нямнога, але і нямала».
«Арэшкі ў краме каштуюць 18 рублёў за кілаграм, а тут — 35».