Грошы ці звальненне: што даруюць кіраўнікі сваім работнікам на Новы год
2- 18.12.2025, 18:01
- 2,010
Апытанне сярод беларусаў.
Напярэдадні зімовых святаў даследчы цэнтр сервісу па пошуку працы і персаналу rabota.by даведаўся ў шукачоў, з якім настроем яны сустракаюць Новы год, як да яго рыхтуюцца ў офісе і якія падарункі атрымліваюць ад кіраўніцтва.
Сваім меркаваннем падзяліліся 1384 працуючыя беларусы, піша tocka.by.
Вынікі апытання паказалі, што наймацней перадновагоднюю атмасферу ў сваіх офісах адчуваюць супрацоўнікі кампаній малога і сярэдняга бізнесу. Гэта 53% рэспандэнтаў.
У буйных карпарацыях пра гатоўнасць да зімовага свята заявілі 44% апытаных. Вялікага карпаратыва чакаюць 25% рэспандэнтаў.
Пры гэтым 61% апытаных не плануюць удзельнічаць у сумесных мерапрыемствах або збіраюцца святкаваць па-за працай.
Віншаваць калег з аддзела будуць 28% рэспандэнтаў.
Што да карпаратыўных падарункаў ад наймальнікаў, адказы падзяліліся прыкладна напалову.
Так, 44% рэспандэнтаў адзначылі, што ніколі іх не атрымлівалі. Яшчэ 54% паведамілі, што ім дарылі грошы і бонусы, а таксама сувеніры і тэматычныя скрынкі з сюрпрызамі.
Сустрэліся і адзінкавыя адказы пра тое, што самым нечаканым «перадновагоднім падарункам» ад кіраўніцтва кампаній для работнікаў стала звальненне.
Пры гэтым людзям уручалі і вельмі прыемныя карпаратыўныя сюрпрызы, такія як кватэры і «яблычныя» гаджэты.
Найбольш жаданым падарункам ад наймальніка большасць назвалі 13-ю зарплату.
У якасці прэзентаў ад калег 16% рэспандэнтаў хацелі б атрымаць падарунак-ўражанне. Напрыклад, сертыфікат або квіток у кіно ці тэатр.
Яшчэ 11% жадаюць, каб ім паднеслі нешта карыснае ў побыце, 8% — незвычайную кнігу або набор для хобі. Пры гэтым 55% апытаных нічога не чакаюць ад калег. Для іх важныя падтрымка і ўзаемаразуменне.
Як паказала даследаванне, 77% апытаных не атрымліваюць прэмію да Новага года.
А 23% чакаюць прыемнага бонусу да зарплаты — у памеры 10–20% ад акладу (13%) і 30–50% ад яго (5%). Гэтыя грошы работнікі плануюць выдаткаваць на падарункі блізкім.
За год чаканні і перавагі беларусаў як работнікаў практычна не змяніліся.
Так, у снежні 2024-га, згодна з вынікамі аналагічнага апытання, большасць рэспандэнтаў у якасці найлепшага навагодняга падарунка ад наймальніка назвала грашовую прэмію.
Нязменным застаецца і тое, што ўдзельнікі апытання аддаюць перавагу святкаваць у коле родных.
Менш за 30% (як летась, так і сёлета) пацвердзілі намер сустрэць Новы год з калегамі і пайсці на карпаратыў.