Лукашэнку і ўсіх астатніх можа чакаць вялікі сюрпрыз
11- Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»
- 18.12.2025, 15:38
- 15,426
Чорныя лебедзі — птушкі непрадказальныя.
Успомнілі, колькі разоў за апошнія гады кіраўнік намякаў на свой сыход і заставаўся пры ўладзе.
У нядаўнім інтэрв’ю амерыканскаму тэлеканалу Newsmax TV Аляксандр Лукашэнка назваў сябе «прэзідэнтам, які сыходзіць»:
— Я часта пра гэта кажу. Я не хачу, каб праблемы, якія ўзніклі ў перыяд майго кіравання краінай, былі перакладзеныя на новае пакаленне. Кожнае пакаленне свае праблемы павінна вырашаць само, — перадае словы кіраўніка БелТА ў сваёй відэаверсіі гэтай размовы.
Свежае паданне, але не верыцца наагул. Словы пра тое, што Лукашэнка гатовы адмовіцца ад улады, беларусы рэгулярна чуюць ледзь не ўсе апошнія трыццаць гадоў.
Ды што там далёка хадзіць — літаральна ў студзені 2025 года, выступіўшы з палітычнымі заявамі ў Лагойску, у храме Святога Мікалая Цудатворца, кіраўнік паабяцаў «ціха, спакойна перадаць гэтую ўладу новаму пакаленню».
Больш за тое, за адзін толькі навагодні тыдзень Лукашэнка тройчы анансаваў змену пакаленняў. Пра магчымы транзіт загаварыла нават прапаганда.
А 26 студзеня, у поўнай супярэчнасці з папярэднімі прамовамі, ён трыумфальна «перамог» на так званых «прэзідэнцкіх выбарах» і працягнуў кіраванне Беларуссю яшчэ на адзін тэрмін.
У лістападзе і ў жніўні 2024-га: «Вы павінны прывыкаць да таго, што прэзідэнт будзе іншы».
У сакавіку 2023-га ў пасланні парламенту і народу: «Мой час заканчваецца, і ніякіх канстытуцый пад сябе я рабіць не буду».
У жніўні 2021-га падчас прамой лініі: «Не трэба гадаць, калі сыдзе Лукашэнка і гэтак далей. Вельмі хутка», а ў лістападзе — «Калі хтосьці думае, што я ўчапіўся за крэсла (і рукі ўжо пасінелі), каб мяне тут не адарвалі ад яго, вы проста памыляецеся».
Шмат разоў Лукашэнка абяцаў сысці ў 2020-м. І больш за дзесяць разоў да гэтага, пачынаючы яшчэ з пачатку 2000-х.
Рэфрэн «я за ўладу не чапляюся і сыду — як толькі, так адразу» гэтак пацёрся ад частага ўжывання, што наўрад ці ў яго верыць хоць хто-небудзь з любога боку — уключна з самім аратарам.
Нават калі той пачне паказваць карты і клясціся кавалкам зямлі, і яшчэ на біс паўторыць для дэлегатаў «Усебеларускага народнага сходу» казку пра белага бычка, гэта значыць, прабачце, пра сінія пальцы, якімі, маўляў, ніхто за ўладу не трымаецца.
Аднак натуральны ход рэчаў і банальнае старэнне ніхто не адмяняў. А чорныя лебедзі — птушкі непрадказальныя і сваявольныя, прылятаюць раптоўна. Таму і кіраўніка з яго найбліжэйшым атачэннем, настроеным на спакойны транзіт недзе ў будучых пяцігодках, і ўсіх астатніх можа чакаць вялікі сюрпрыз.
Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»