Кангрэс ЗША адхіліў рэзалюцыі супраць ваенных дзеянняў у Карыбскім рэгіёне
2- 18.12.2025, 8:24
- 3,930
Дэпутаты падтрымалі лінію прэзідэнта Трампа.
Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША не падтрымала дзве рэзалюцыі, скіраваныя на абмежаванне ваенных аперацый адміністрацыі прэзідэнта Дональда Трампа у Карыбскім рэгіёне, у прыватнасці ў дачыненні да Венесуэлы.
Пра гэта паведамляе CNN.
Адна з рэзалюцый, ініцыяваная дэмакратам Грэгары Міксам, прадугледжвала абавязак прэзідэнта вывесці амерыканскія войскі з баевых дзеянняў супраць арганізацый, якія кіраўнік дзяржавы вызначыў як тэрарыстычныя ў Заходнім паўшар'і, калі такія аперацыі не былі санкцыянаваныя Кангрэсам або не суправаджаліся афіцыйным абвяшчэннем вайны.
Дакумент не набраў неабходнай колькасці галасоў: 216 кангрэсменаў прагаласавалі супраць, 210 — за. Нягледзячы на гэта, рэзалюцыю падтрымалі двое рэспубліканцаў і большасць дэмакратаў.
Другую рэзалюцыю ўнёс дэмакрат Джым Макгаверн. Яна датычылася спынення ўдзелу Узброеных Сіл ЗША ў баявых дзеяннях у Венесуэле або супраць яе без адпаведнага рашэння Кангрэсу.
Палата прадстаўнікоў таксама адхіліла гэты дакумент — 213 галасоў «супраць» і 211 «за». Пры гэтым трое рэспубліканцаў прагаласавалі насуперак партыйнай пазіцыі на карысць рэзалюцыі, тады як адзін дэмакрат выступіў супраць.
У выпадку прыняцця абедзве рэзалюцыі павінны быць разгледжаны і зацверджаныя Сенатам ЗША, каб уступіць у сілу.