13 снежня 2025, Субота, 14:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што трэба праверыць перад купляй ужыванага аўтамабіля?

3
Што трэба праверыць перад купляй ужыванага аўтамабіля?

Парады дасведчаных механікаў.

На куплі ужыванага аўтамабіля можна істотна зэканоміць, але толькі калі ведаць, як правільна праверыць яго стан. Механікі расказалі, на якія праблемныя месцы трэба звярнуць увагу, каб пазбегнуць дарагога рамонту ў будучыні.

Пра крытычна важныя праверкі перад купляй ужыванага аўто расказалі ў апублікаваным 11 снежня інтэрв’ю GOBankingRates аўтамабільная экспертка, заснавальніца Car Coach Reports Лорэн Фікс і ўладальнік Casey's Automotive у Паўночнай Вірджыніі, шмат гадоў які працаваў тэхнікам, кансультантам па абслугоўванні і менеджарам па абслугоўванні, Браян Джуэтт.

Купля ужыванага аўто: якія дакументы праверыць

Перад заключэннем здзелкі варта прагледзець пасведчанне аб праве ўласнасці і гісторыю транспартнага сродку. Лорэн Фікс рэкамендуе атрымаць справаздачу аб гісторыі аўтамабіля, каб даведацца пра любыя аварыі, праблемы з правам уласнасці і паказчыкі адометра.

Напрыклад, калі аўтамабіль быў затоплены вадой, пакупнікам варта прагледзець поўную гісторыю рамонтаў, каб высветліць маштаб пашкоджанняў. У такім выпадку трэба праверыць, ці няма ў аўтамабілі цвілі, пашкоджанняў электрыкі, карозіі, іржы, ці не згнілі ўшчыльняльнікі, пракладкі або ўтулкі. Пашкоджанне вадой можа праз пэўны час прывесці да праблем, якія спачатку ніяк не праяўляюцца.

Таксама варта прагледзець сэрвісныя запісы і пацвярджэнні тэхнічнага абслугоўвання.

«Добра задокументаваная гісторыя тэхнічнага абслугоўвання — найлепшы паказчык таго, як даглядалі аўтамабіль. Калі запісы адсутнічаюць, лічыце, што праца не была выкананая», — адзначыла Фікс.

Браян Джуэтт таксама рэкамендаваў правяраць рэгулярнасць тэхнічнага абслугоўвання: частату замены алею, праверкі працы тармазоў і планаванага заводскага абслугоўвання, а таксама знайсці пацвярджэнне замены рамяня газаразмеркавальнага механізму або ланцуга, бо калі занядбаць гэтым, рухавік можа адмовіць.

Праверка стану ужыванага аўто: на што трэба глядзець

Джуэтт рэкамендуе перад купляй аўтамабіля, які ўжо эксплуатаваўся, праверыць усе электронныя сістэмы: электрапад’ёмнікі шкла, электрапрывад сядзенняў, камеры задняга віду, сістэмы мультымедыйных забаў, фары і пераключальнікі.

Фікс дадала, што рамонт электрыкі можа «добра ўдарыць па кішэні», таму пры аглядзе аўтамабіля варта ўключыць запальванне і паглядзець, ці ўсе папераджальныя лямпы працуюць належным чынам.

Таксама абавязкова трэба зазірнуць пад капот і пераканацца, што пад ім няма ўцечак алею, ахаладжальнай і трансмісійнай вадкасці.

«Нават невялікія ўцечкі могуць прывесці да сур’ёзнага рамонту. Звярніце ўвагу на пах гарэлага, які можа сігналізаваць пра праблемы з электрыкай, або на затхлыя пахі, што могуць сведчыць пра цвіль або пашкоджанне вадой», — сказаў Джуэтт.

Дарагім можа апынуцца занядбанне праверкі шын і тармазоў. Паводле слоў Фікс, няроўны знос шын або зношаныя тармазы могуць сведчыць пра праблемы з падвескай. Уладальнік Casey's Automotive раіць правесці па паверхні шын рукой, каб пераканацца, ці няма скосу. Калі адзін бок больш зношаны, чым другі, гэта можа сведчыць пра неабходнасць рамонту развалу-сыходжання, пашкоджанне рулявога кіравання або падвескі.

Аўтамабіль, які выдатна выглядае звонку, можа хаваць праблемы ўнутры або на днішчы. Лорэн Фікс рэкамендуе зазірнуць пад аўтамабіль, каб пераканацца, што на днішчы няма іржы, карозіі або любых прыкмет рамонту рамы — гэтыя праблемы ў далейшым прыводзяць да небяспечных сітуацый і скарачэння тэрміну службы транспарту.

Ужываны аўтамабіль павінен агледзець сертыфікаваны механік

Абодва эксперты сышліся ў меркаванні, што выдаткі на дбайны агляд аўтамабіля сертыфікаваным спецыялістам дапамогуць зэканоміць на патэнцыйным рамонце ў будучыні. Вопытны механік выяўіць праблемы, якіх пакупнік можа не заўважыць сам.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках