Як прайшлі перамовы паміж ЗША і Украінай
1- 1.12.2025, 16:39
- 8,768
Крыху інсайдаў.
Старшыня праўлення ўкраінскага Інстытута сусветнай палітыкі Віктар Шлінчак распавёў пра тое, як прайшла ўчарашняя сустрэча паміж амерыканскай і ўкраінскай дэлегацыямі.
«Віткоф пастаянна эмацыйна нешта дадаваў у ходзе размовы, правакаваў на такія ж эмацыйныя адказы, тады як Кушнер — зяць Трампа — наадварот, трымаўся вельмі стрымана і з большасцю агучаных нашым бокам тэзісаў пагаджаўся, — піша ён. — Або прапаноўваў адкласці для далейшага абмеркавання. Рубіо даволі ўпэўнена мадэраваў дыскусію. Ціску не было.
Віткоф пастаянна акцэнтаваў увагу на «эканамічных выгадах для Украіны» пасля заканчэння вайны. Але ж гэта не сакрэт — што ўзяць з бізнесмена, у якога ў вачах адны нулі, а ў галаве — жаданне зарабляць?
Рубіо больш казаў пра палітычныя наступствы — адсюль і ўзнікла тэма нашых выбараў. Антыкарупцыйны скандал таксама закранулі, але мімаходзь — пасля гісторый з «плёнкамі» доўгая размова на гэтую тэму для амерыканскага боку цяпер не вельмі зручная. А калі сапраўды з’явяцца новыя, дадатковыя запісы з Віткофам, будзе цікава назіраць, як Белы дом на гэта будзе рэагаваць.
У цэлым перамовы выканалі сваю тэхнічную задачу. Хаця пытанне аб тэрыторыях так і засталося не ўзгодненым, а гарантыі бяспекі ад ЗША прагавораныя не да канца, таму што Штаты не хочуць замацаваных у «мірным плане» канкрэтных абавязацельстваў. Магчыма, гэтыя гарантыі будуць вынесеныя ў асобны дакумент.
Галоўнае — нас не адключаюць ад магчымасці набываць амерыканскую зброю і не абмяжоўваюць у атрыманні разведданых».