У Польшчы змяніліся правілы падачы заяў на часовы від на жыхарства
2- 1.12.2025, 12:19
- 5,450
Беларусам на заўвагу.
З 1 снежня 2025 года дакументы на часовы від на жыхарства ў Польшчы (часовы побыт) трэба падаваць на бланку новага ўзору. Таксама змяніліся патрабаванні да дадаткаў і фатаграфій.
Новыя фармуляры заявы і дадаткаў зацверджаныя пастановай МУСіА ад 25 лістапада 2025 года. Яны прыведзеныя проста ў тэксце пастановы. Таксама спампаваць іх можна тут, адзначае Most.
Яны не датычацца тых, хто атрымлівае часовы від на жыхарства па міжнароднай абароне.
Што гаворыцца пра фатаграфіі
Да заявы трэба далучыць дзве фатаграфіі. Да іх прад'яўляюцца наступныя патрабаванні:
- яны павінны быць непашкоджаныя, каляровыя, з добрай рэзкасцю;
памерам 35 мм × 45 мм;
- быць выкананыя не раней чым за 6 месяцаў да дня падачы заявы;
- выяўляць твар ад макушкі да верхняй часткі плячэй так, каб твар займаў 70–80% фатаграфіі, на аднатонным светлым фоне, анфас, з адкрытымі вачыма, не прыкрытымі валасамі, з натуральным выразам твару і закрытым ротам;
- перадаваць натуральны колер скуры;
- выразна паказваць вочы, асабліва зрэнкі, пры гэтым лінія вачэй павінна быць паралельная верхняму краю фатаграфіі.
Таксама ўдакладнены правілы зняцця адбіткаў пальцаў.
Што будзе са старымі заявамі
Новыя правілы датычацца ўсіх, хто падае заявы з 1 снежня. Тыя, хто падаў іх раней, не павінны іх перазапаўняць.