Так асароміцца мог толькі Лукашэнка
11- 1.12.2025, 20:27
- 39,306
«Унікальныя» беларускія НПЗ два гады працуюць сабе ў страту.
Недарма Лукашэнка ўвесь час хваліцца унікальнасцю беларускіх НПЗ. Беларускія НПЗ настолькі ўнікальныя, што могуць два гады працаваць сабе ў страту, і ім за гэта нічога не будзе. І толькі падрыў расійскай нафтапрамысловасці вярнуў заводам надзею. Па выніках чацвёртага квартала Мазырскі і Наваполацкі заводы могуць вярнуцца да працы з прыбыткам, паабяцаў кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Дзмітрый Круты. Але гэта пакуль не дакладна, піша planbmedia.io.
Як патлумачыў Круты, заклад вяртання да прыбытковай працы — асаблівыя ўмовы па даўальніцкай перапрацоўцы расійскай нафты. Сутыкнуўшыся з дэфіцытам бензіну з-за атак украінскіх дронаў, расійскія ўлады ўрэшце папрасілі саюзніка аб дапамозе.
Спачатку гаворка ішла пра катастрафічныя для беларускага рынку пастаўкі 300 тысяч тон бензіну на год. Потым Масква ўтаймавала апетыты. У верасні Беларусь прадала ў Расію 45 тысяч тон бензіну, а ў кастрычніку — 36 тысяч.
«Даўальніцкая нафта пачала перапрацоўвацца на нашых двух нафтаперапрацоўчых заводах. Нафтапрадукты паступаюць назад у Расію, нешта прадаецца на экспартных рынках, нешта спажываецца ў нас», — сказаў Круты ў інтэрв’ю беларускаму тэлебачанню.
Скарыстаўшыся праблемамі саюзніка, Лукашэнка вытаргаваў сабе такія ўмовы даўальніцкіх паставак, якія дазваляюць беларускім НПЗ працаваць з сярэдняй па краіне рэнтабельнасцю ў 7–8 працэнтаў. Яшчэ нядаўна іх рэнтабельнасць была глыбока адмоўнай.
«Ужо з чацвёртага квартала нашы два заводы выходзяць на ўстойлівую норму прыбытку», — пахваліўся Круты.
Стратны манеўр
Увогуле, для НПЗ праца з прыбыткам была б сумнеўнай нагодай для гонару. Калі б не та самая ўнікальнасць беларускіх заводаў, якія, атрымліваючы нафту па льготных цэнах, два гады ўмудраліся працаваць сабе ў страту. Бо прыбыткі ў беларускіх заводаў скончыліся адразу пасля таго, як у Расіі скончыўся падатковы манеўр. То бок расійскія ўлады перасталі даплачваць Беларусі за пастаўкі сваёй жа нафты.
Упершыню ўлады афіцыйна прызналі стратнасць Мазырскага НПЗ яшчэ на пачатку 2024 года. Стратнасць НПЗ «Нафтан» у Наваполацку ўлады не прызналі. Але сітуацыя там дакладна не была лепшай. Па выніках першых двух месяцаў страты Наваполацка склалі 324 мільёны рублёў.
І далей лепш не стала. З пачатку гэтага года Лукашэнка прасіў Пуціна зрабіць так, каб беларускія НПЗ не былі стратнымі. Пры гэтым, каб мінімізаваць страты, Беларусі давялося рэзка скараціць перапрацоўку нафты. У пачатку года Мазырскі НПЗ перапрацоўваў у месяц 22 тысячы тон пры магутнасці ў трыццаць тысяч. Скарачэнне аб’ёмаў нафтаперапрацоўкі падкасіла не толькі эканоміку цэлых рэгіёнаў. Яно яшчэ і падарвала беларускі экспарт.
Таму вяртанне заводаў да працы з прыбыткам у беларускім выпадку сапраўды ўнікальнае дасягненне, якім можна ганарыцца. Проста беларускія НПЗ настолькі ўнікальныя, што каб працаваць з прыбыткам, ім патрэбнае цалкам унікальнае спалучэнне абставін.