Лукашэнка «знік» у Амане: што яго звязвае з гэтай краінай
21- 1.12.2025, 10:55
- 21,728
Тры факты.
Прыляцеўшы 28 лістапада ў Аман, Аляксандр Лукашэнка «знік»: станам на раніцу 1 снежня няма ніякай інфармацыі пра ход яго «працоўнага візіту». Што звязвае рэжым з гэтай дзяржавай Аравійскага паўвострава? Пра гэта піша «Салідарнасць».
Лукашэнка ўжо лётаў у Аман год таму: там ён хадзіў на экскурсіі
У сярэдзіне снежня 2024 года кіраўнік Беларусі ўпершыню з 2007-га злятаў у Аман.
Пры гэтым два дні прысвяціў экскурсіям.
Султан Амана быў у Мінску з візітам паўтара месяца таму
Пасля гэтага візіту адносіны двух краін пачалі хутка развівацца.
Тады ў афіцыйных перамовах з Хайсамам бен Тарэкам Аль Саідам удзельнічаў таксама старэйшы сын кіраўніка Віктар.
Па выніках перамоў было заяўлена пра планы Амана па будаўніцтве цэлюлозна-картоннага камбіната ў Беларусі з уражлівым аб'ёмам інвестыцый у 1,4 млрд долараў. Навошта гэта Аману — пакуль не зусім зразумела.
Лукашэнка марыць пра стварэнне турысцкага кластара ў Амане
Таксама пасля перамоў кіраўнік Беларусі заявіў:
– Нам выдзяляюць зямлю, каб мы там стварылі свой велізарны турысцкі кластар. Каб людзі маглі лятаць не толькі ў Турцыю і Эміраты.
Адзначым, што з лютага гэтага года стартавалі прамыя чартарныя рэйсы з Мінска ў Аман. Але ляцець доўга і даволі дорага.
Пакуль можна толькі меркаваць, чаму кіраўнік «знік» падчас новага візіту ў Аман. З улікам характару леташняй паездкі можна дапусціць, што Лукашэнка заняты адпачынкам. Раней ён пастаянна лятаў адпачываць у зімовы перыяд у суседнія ААЭ.