У Беларусі раскрыта схема дагаворных матчаў на паўмільёна долараў
7- 9.11.2025, 16:50
- 12,672
Стаўкі рабілі праз букмекерскую кантору 1XBET.
Паводле даных праваахоўнікаў, спартсменам падавалі сігналы, калі і каму трэба саступіць. Матчы трансляваліся праз забароненую ў Беларусі букмекерскую кантору 1XBET.
Зламыснікі паспелі зарабіць на такой схеме 500 тысяч долараў. Грошы канфіскаваныя. Пра гэта паведамляе Belmarket.by.
Схема расквітнела падчас пандэміі COVID-19 і працягвала дзейнічаць да нядаўняга часу. Удзельнікаў набіралі з былых прафесіяналаў або аматараў, плацячы каля 100 руб. за гульню. Адзін чалавек мог гуляць за розныя каманды пад рознымі імёнамі, некаторыя нават выконвалі ролю арбітраў.
Для правядзення псеўдатурніраў памяшканні арандаваліся ў асноўным у начны час. Вядома, што махлярам удалося знайсці прыдатную залу ў Магілёве, пры тым, што далёка не ўсе арэндадаўцы згаджаліся супрацоўнічаць.
Удзел у любой дзейнасці, звязанай з букмекерскім бізнесам, забаронены міжнароднай федэрацыяй FIBA. Пра гэта заявіла ў эфіры беларускага тэлебачання генеральны сакратар Беларускай федэрацыі баскетбола Анастасія Марыніна.
Раней МУС паведамляла пра 19 кіраўнікоў і ўдзельнікаў арганізаванай групы. Група дзейнічала ў краіне і за межамі Беларусі з 2021 года. Устаноўлена каля 200 удзельнікаў незаконных спартыўных спаборніцтваў.
На чале групы стаялі асобы, якія некалькі гадоў знаходзяцца ў вышуку ў Расіі.
Падчас вобшукаў на спартыўных аб'ектах, у офісах у сталіцы і Мінскай вобласці былі канфіскаваныя аргтэхніка, дакументацыя, грашовыя сродкі і крыптаактывы на суму каля 0,5 млн долараў.
Узбуджана крымінальная справа за махлярства, учыненае ў складзе арганізаванай групы ў асабліва буйным памеры. Затрыманым пагражае да 12 гадоў калоніі.