Рутэ пасмяяўся з Пуціна і яго ядзерных пагроз
1- 5.11.2025, 23:26
- 8,630
Генсак НАТА сказаў, што даўно перастаў звяртаць увагу на заявы дыктатара РФ.
Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ пасмяяўся з расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна і яго «ядзерных пагроз». Ён адзначыў, што даўно перастаў звяртаць увагу на заявы Пуціна.
Пра гэта паведамляе Digi24.
Падчас сустрэчы з румынскім прэзідэнтам Нікушорам Данам журналісты спыталі ў Рутэ, ці будзе рэакцыя НАТА на скліканне расійскай Рады бяспекі і пагрозы расійскага дыктатара пра «аднаўленне ядзерных выпрабаванняў». У адказ Рутэ адкрыта пасмяяўся з Пуціна. «Я даўно перастаў рэагаваць на сустрэчы, якія арганізуе Пуцін. Яму плацяць як прэзідэнту Расіі, таму ён іх і арганізуе», — адказаў генсак НАТА. Нагадаем, падчас пасяджэння Рады бяспекі Расіі 5 лістапада Пуцін заявіў, што РФ неадкладна пачне падрыхтоўку да «поўнамаштабных ядзерных выпрабаванняў». А міністр абароны Расіі Андрэй Белаўсаў заявіў, што ЗША падчас вучэнняў Global Thunder у кастрычніку 2025 года нібыта адпрацоўвалі ўдары ядзернай зброяй па тэрыторыі Расіі. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп мінулага тыдня заявіў, што Злучаныя Штаты плануюць правядзенне ядзерных выпрабаванняў. Паводле яго слоў, «іншыя краіны» ўжо гэта зрабілі, таму і ЗША мусяць пачаць. Пасля гэтага армія ЗША 5 лістапада правяла выпрабавальны пуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты Minuteman III.