Метанні лукашэнкаўскіх чыноўнікаў нагадваюць анекдот
5- Алеся Матусевіч
- 4.11.2025, 15:53
- 4,460
Чаму да школьнага харчавання ў Беларусі ўжо шмат гадоў ёсць пытанні да якасці.
Міністр інфармацыі Андрэй Іванець падзяліўся азарэннем: школы — гэта храм ведаў, а не рэстаран. Гэта свежая думка прыйшла чыноўніку ў галаву пасля нядаўнай нарады ў Аляксандра Лукашэнкі, дзе той занепакоіўся якасцю харчавання ў школьных сталовых, піша «Салідарнасць».
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў скараціць колькасць адходаў — маўляў, дзяржава траціць «каласальныя грошы» на харчаванне школьнікаў, а ледзь не палова яго выкідваецца. Міністр адказаў, што неабходнасці ў глабальных зменах не бачыць.
— Школа — гэта ўсё ж такі храм ведаў, гэта не рэстаран, — заявіў міністр у інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу. — І ў гэтай сувязі мы зыходзім з таго, што школьнае харчаванне павінна адпавядаць менавіта якасці, школьнай дзіцячай дыеталогіі і карыснасці гэтага харчавання.
Калі перакласці з чыноўніцкай мовы на зразумелую — разбалаваныя гэтыя вашыя дзеці, усім не ўгодзіш, а дарослыя дыетолагі і кухары лепш ведаюць, як лепш. Дык што ніякіх вам шведскіх сталоў або іншых празмернасцяў — будуць есці тое, што даюць. Тут вам не рэстаран, а храм, трэба разумець. (Так можна дайсці і да таго, што «сытае пуза да навук глухое»).
Праўда, ілюзія выбару ў беларускіх школьнікаў і іх бацькоў усё ж ёсць. Іванець расказаў: ужо пасля канікул будуць выпрабоўваць новае двухтыднёвае меню — праўда, толькі ў школах Мінска. А там прыкінуць, паглядзяць на запатрабаванасць страў і… верагодна, у сталоўках з’явяцца новыя назвы страў. Але ці стануць яны больш смачнымі, а то і проста ядомымі — міністэрства маўчыць.
Тут будзе дарэчы нагадаць некалькі момантаў, пра якія так удала забыліся і Лукашэнка, і яго падначаленыя.
Па-першае, так званае «бясплатнае харчаванне» прадастаўляюць малодшым школьнікам і некаторым катэгорыям ільготнікаў — усе астатнія, а гэта пераважная большасць, за яго плацяць (ад 62,48 рублёў за аднаразовае да 124,72 за трохразовае). Хоць у дакументах Мінадукацыі і падкрэсліваецца, маўляў, бацькі аплачваюць толькі кошт прадуктаў, а паслугі па прыгатаванні «ўключаныя ў дзяржаўную падтрымку».
На справе гэта такі ж міф, як і «бясплатная медыцына» — беларусы аплачваюць яе са сваіх падаткаў, што ідуць у бюджэт.
Па-другое, пры ўсіх запэўненнях, што ў школе ўсе роўныя, дзеці лепш за каго іншага заўважаюць: ежа для «платнікаў» і «бясплатнікаў» адрозніваецца. Расслоенне відавочнае. А калі прыгатавана абы-як, абы адчэпіліся — чаго тут дзівіцца, што палова такога харчавання ідзе наўпрост з талерак у чан з адходамі? То-бок, паводле папераў усё добра і становіцца яшчэ лепш — у 2025 годзе ахапілі бясплатным харчаваннем 65% школьнікаў, а ў рэальнасці — нешта відавочна ідзе не так.
Праўда, і «платнікі» паказваюць стравы, чый выгляд гаворыць сам за сябе, і наракаюць, што адмовіцца ад такой «апекі» проста немагчыма.
Па-трэцяе, гісторыя пра якасць школьнага харчавання, як казка пра белага бычка, рэгулярна паўтараецца. З адным і тым жа вынікам.
Так, у 2017 годзе кіраўнік дзяржавы лаяў чыноўнікаў за тое, што дзяцей «у горадзе-героі Мінску кормяць адходамі» і распавядаў пра крымінальную справу за хабарніцтва і карупцыю.
У 2019-м раіў карміць школьнікаў «традыцыйна і простай ежай»: драннікамі, яблыкамі і гарбатай з булачкай, «не выдумляць нічога лішняга».
У 2023-м запатрабаваў, каб у меню не было фастфуду, а якасць страў палепшылася — «Ненармальна, калі можна каля кожнай школы трымаць яшчэ свінаферму для таго, каб парасят карміць адходамі прадуктаў харчавання».
І ў краіне пачалі «ўдасканальваць асартымент страў» у школьных сталоўках. Вучняў сталі карміць пазней, каб паспелі прагаладацца. Але глядзі ж ты, не спрацавала: у 2025-м мы чуем усё тыя ж прамовы пра тое, што «абкрадаць дзяцей дрэнна», колькасць адходаў не паменшылася — ці зноў вырасла?
Усе гэтыя метанні нагадваюць добра вядомы анекдот пра генсека, які ратаваў птушак ад падзежу тым, што прапаноўваў маляваць на сценах то колы, то трыкутнікі. Куры падохлі, крэатыўныя ідэі засталіся.
Дык з чаго б сітуацыі ў беларускіх школах змяняцца, калі не змяняецца сама сістэма, у якой правілы гульні задаюць дзяржструктуры, у прыватнасці, камбінаты школьнага харчавання? Калі захоўваюцца ўсе ўмовы для крадзяжоў, усушкі, утрускі, недавесаў, хабароў і гэтак далей?
Камітэт дзяржкантролю літаральна штогод знаходзіць парушэнні і абяцае выйсці на канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні школьнага харчавання. Але ў выніку ўсё вяртаецца на кругі свая. Гэта музыка будзе вечнай, бо батарэйкі-чыноўнікі змяняюцца, а пласцінка — не.