Фізікі разбурылі тэорыю «Матрыцы»
21- 4.11.2025, 14:50
- 6,344
Чаму Сусвет не можа быць камп'ютарнай сімуляцыяй.
Фізікі сцвярджаюць, што натуральная складанасць Сусвету выключае магчымасць таго, што нейкая развітая пазазямная цывілізацыя стварыла камп'ютарную сімуляцыю Сусвету, у якой мы жывём. Ідэя пра тое, што Сусвет з'яўляецца сімуляцыяй, існуе ўжо некалькі дзесяцігоддзяў і асаблівую папулярнасць набыла пасля выхаду фільма «Матрыца» ў 1999 годзе.
Але даследаванне, апублікаванае ў часопісе Journal of Holography Applications in Physics, паказвае, што сімуляцыя нашага Сусвету немагчымая, піша Gizmodo.
Навукоўцы паказалі, што, калі дапусціць, што Сусвет існуе выключна на аснове матэматыкі і фізікі, ні адзін камп'ютарны алгарытм не зможа змадэляваць рэальнасць у тым выглядзе, у якім мы яе ведаем. Даследаванне дапускае, што наша рэальнасць пабудавана на пэўным разуменні, якое нельга звесці да вылічальных правілаў або алгарытмаў. То бок ніводны камп'ютар, якім бы прасунутым ён ні быў, ніколі не зможа ўзнавіць фундаментальныя механізмы Сусвету.
Фізікі падышлі да вырашэння пытання пра сімуляцыю Сусвету з пункту гледжання матэматыкі і фізікі. Яны вывучылі, ці могуць законы, што кіруюць Сусветам, тэарэтычна быць узноўленыя камп'ютарнай сістэмай.
Па словах навукоўцаў, выкарыстоўваючы матэматычныя тэарэмы, звязаныя з непаўнатой і невырашальнасцю, яны паказалі, што цалкам несупярэчлівае і поўнае апісанне рэальнасці нельга стварыць з дапамогай камп'ютарных вылічэнняў.
Даследаванне заснавана ў тым ліку і на матэматычнай тэарэме пра непаўнату Курта Гёдэля. Яна сцвярджае, што ў любой лагічнай сістэме заўсёды знойдуцца праўдзівыя сцверджанні, якія немагчыма даказаць у межах гэтай сістэмы.
«Напрыклад, алгарытму будзе складана прааналізаваць сцверджанне «Гэтае праўдзівае сцверджанне нельга даказаць». Калі б сцверджанне можна было даказаць, яно было б ілжывым і нелагічным. Калі б яно было недаказальным, то яно было б праўдзівым, але як алгарытм вылічыў бы адказ?», — задаюцца пытаннем фізікі.
Паводле навукоўцаў, яны паказалі, што немагчыма апісаць усе аспекты фізічнай рэальнасці з дапамогай вылічэнняў або алгарытмаў. У кантэксце Сусвету гэта азначае, што заўсёды будзе існаваць больш глыбокі слой рэальнасці, інфармацыйны падмурак, які немагчыма поўнасцю апісаць аднымі толькі вылічэннямі.
Фізікі кажуць, што любая сімуляцыя па сваёй сутнасці з'яўляецца алгарытмічнай, гэта значыць яна павінна падпарадкоўвацца запраграмаваным правілам. Але паколькі фундаментальны ўзровень рэальнасці грунтуецца на неалгарытмічным разуменні, наш Сусвет не можа быць сімуляцыяй.