Сінер зноў стаў першай ракеткай свету
- 3.11.2025, 1:09
- 1,578
Італьянскі тэнісіст выйграў «Мастэрс» у Парыжы і пасунуў з першай пазіцыі іспанца Карласа Алькараса.
Італьянскі тэнісіст Яннік Сінер вярнуў сабе першае месца ў сусветным рэйтынгу ATP дзякуючы перамозе на турніры серыі «Мастэрс» у Парыжы.
У фінале Сінер перамог Фелікса Ажэ-Альясіма з лікам 6:4, 7:6 (7:4). Італьянец перамог канадца трэці раз за пяць матчаў.
Сінер упершыню выйграў турнір у Парыжы і стаў першым тэнісістам з 2023 года, які заваяваў трафей «Мастэрс» без аніводнага прайгранага сэта (папярэдні раз гэта ўдалося Карласу Алькарасу у амерыканскім Індыян-Уэлсе).
Італьянец працягнуў сваю пераможную серыю на крытых кортах да 26 матчаў.
За перамогу на турніры Сінер атрымаў 1000 ачкоў і €946 тыс. прызавых. Ён апярэдзіць у новай версіі рэйтынгу іспанца Алькараса, які прайграў у Парыжы ў сваім першым матчы. Алькарас стаў першай ракеткай свету, абыграўшы Сінера ў фінале US Open.