5 снежня 2025, Пятніца, 7:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За што змагаліся нашы продкі ў 1831 годзе?

За што змагаліся нашы продкі ў 1831 годзе?

Партызанскія дзеянні супраць царскіх войскаў былі насамрэч масавымі.

Партызанскія дзеянні ліцвінаў супраць царскіх войскаў можна назваць насамрэч масавымі.

Вайна 1812 года абвяшчалася Напалеонам як «Польская кампанія», якая мусіла вырашыць многія тэрытарыяльныя пытанні на карысць новай польскай дзяржавы, якой абвяшчалася Вялікае герцагства Варшаўскае, піша litvin.pl.

У пачатку вайны Напалеон нават рэанімаваў аўтаномнае Вялікае княства Літоўскае. Але ўсім праектам, звязаным з вольнасцю ліцвінаў і палякаў, прыйшоў канец, калі расійскія войскі ў 1813 годзе ўвайшлі ў Еўропу. Пасля разгрома Францыі ў 1815 годзе імператар Расіі Аляксандр Паўлавіч стварыў Каралеўства Польскае, у войска якога былі прыняты многія ветэраны напалеонаўскіх войнаў, салдаты і афіцэры розных польскіх фармаванняў на французскай службе.

Менавіта гэтыя ветэраны і сталі аднымі з натхняльнікаў паўстання 1830 года, калі ў Варшаве палякі ўзяліся за зброю ўначы 29 лістапада і выгналі са сваёй сталіцы вялікага князя Канстанціна, роднага брата расійскага цара.

У адказ на ўзброенае выступленне варшаўян у заходніх губернях (Вільня, Гродна, Беласток, Мінск) была абвешчана трывога, уведзена ваеннае становішча. Камандаваць у блізкіх да Польшчы рэгіёнах стаў граф І. І. Дзібіч-Забалканскі, які ўжываў адносна мясцовага насельніцтва ваенную сілу.

А ў Літве з лістапада 1830 года стала вельмі няспакойна. Пачаў дзейнічаць Віленскі Цэнтральны камітэт, які арганізоўваў шырокую падтрымку паўстанню. У тайных майстэрнях наладжвалася вытворчасць пікаў, шабляў, рушніц. Паколькі гарнізон Вільні, як лічылі арганізатары барацьбы супраць царскай арміі на тэрыторыі ВКЛ, быў дастаткова слабы, то ўзброенае выступленне меркавалася менавіта тут.

Нарастала незадаволенасць сялян і дробнай шляхты. Царскія салдаты не цырымоніліся пры рэквізіцыях фуражу і правіянту, адбіралі ў фальварках збожжа і жывёлу. Асабліва лютыліся казакі, на якіх нават у ваенных расійскіх уладаў не было рады.

Вясной 1831 года выпадкі незаконных рэквізіцый адбыліся ў маёнтках Навагрудскага, Кобрынскага ўездаў, пад Гроднам. У Слоніме бесчаўстваваў Татарскі ўланскі полк.

У дваццатых чыслах сакавіка сяляне і шляхта ВКЛ узялі Расейны ў Віленскай губерні. Тэрыторыю абвясцілі падуладнай законам Каралеўства Польскага і Статута ВКЛ 1588 г. Паўстанцы паспрабавалі захапіць і Вільню, але спроба не ўвянчалася поспехам.

Для падаўлення паўстанцкіх атрадаў у Віленскім краі былі накіраваныя войскі генералаў Н. Сулімы, С. Хілкова, Я. Атрошчанкі, якія мелі досвед у войнах пачатку XIX стагоддзя. Яны мусілі забяспечыць свабоду перамяшчэння на дарогах, захаванасць складоў зброі і правіянту.

За два месяцы царскія войскі выканалі пастаўленыя задачы. Але паўстанцы пайшлі ў лясы. Пачалася партызанская вайна па ўзоры 1812 года. З'явіліся і новыя асяродкі паўстанчага руху ў Глыбокім, пад Мінскам, у Вілейцы.

Ліцвінскія патрыёты ўступалі ў баі з расійскай пяхотай і кавалерыяй. Слаба навучаныя паўстанцы былі разгромлены і схаваліся ў лясах Лепельскага краю. Гродзенскія паўстанцы збіраліся ў гушчарах Белавежскай пушчы. Тут удзельнікаў супраціву ўзначальвалі Томаш Красоўскі і Ян Жылінскі, якія арганізавалі лагер, наладзілі збор узбраення і правіянту.

Гродзенцы цудоўна арыентаваліся ў лясах Белавежжа і ўмелі хутка адыходзіць ад казакоў пасля атакаў на транспарты і невялікія вайсковыя атрады царскіх сіл.

Пра супраціў ліцвінаў даведаліся ў Варшаве. Адсюль былі накіраваныя вайсковыя атрады. Напрыклад, 27 мая 1831 года ў Ваўкавыскі ўезд прыбыў барон Дэзідэрый Хлапоўскі, які стаў актыўна прасоўвацца па землях княства Літоўскага. Барон здолеў давесці колькасць атрада да 5 тысяч салдат і афіцэраў, выстаяў у баі з рэгулярным Віленскім пяхотным палком у раёне горада Ліды. У ворага імі было адбіта 6 гармат.

У чэрвені 1831 года паўстанцы Хлапоўскага мусілі ўступіць ва ўзаемадзеянне з корпусам генерала Антонія Гелгуда (больш за 12 тысяч салдат і афіцэраў). Гэтыя сілы маглі стаць асновай для разгортвання ў Літве вялікай вызваленчай арміі з мясцовага насельніцтва.

Але Гелгуд не прыслухаўся да парадаў Хлапоўскага захапіць, пакуль гэта магчыма, Вільню з усімі арсеналамі і складамі. Разведка Хлапоўскага мела на руках карты, адбітыя ў расійцаў, з размяшчэннем гарнізона. Гэтыя звесткі не былі выкарыстаныя з-за нерэшучасці Гелгуда.

19 чэрвеня 1831 года ўдзельнікі партызанскага руху і польскія салдаты Гелгуда ўступілі ў бой з расійскімі войскамі за Вільню, але расійцы ўтрымалі цэнтральную пазіцыю на Понарскіх вышынях. 21 тысяча паўстанцаў не змагла разграміць 17 тысяч царскіх войскаў. Гелгуд паказаў сябе няздольным тактыкам. У выніку ўсё мужнасць ліцвінаў і палякаў аказалася марнай. Артылерыя атрада Гелгуда так і не здолела падавіць агонь царскіх гармат. Падступы да вышынь былі завалены целамі паўстанцаў, якіх загінула да 2 тысяч чалавек.

Пасля правалу атакі на Вільню корпус Гелгуда панёс паразу і на пазіцыях каля Коўна і Вількаміра, адкуль царскія палкі адкінулі яго ў межы Каралеўства Польскага. Свае дні Гелгуд скончыў трагічна. Яго забіў польскі капітан А. Скульскі, які стрэліў у генерала на прускай мяжы, куды ў 1831 годзе быў выбіты корпус.

Пэўную надзею на перамогу даў удзельнікам партызанскага руху на Гродзеншчыне прыход 4-тысячнага атрада генерала Генрыха Дзямбінскага. Але агульны наступ расійскай арміі прымусіў гэтыя сілы паўстанцаў і рэгулярнай польскай арміі пайсці ў Польшчу.

Правал сумесных дзеянняў палякаў і ліцвінаў улетку 1831 года пацягнуў за сабой агульны заняпад паўстанчых акцый. Яшчэ тлелі асяродкі паўстання на Міншчыне. У Пінскім уездзе ўдзельнікі партызанскага руху нападалі на абозы і фарпосты ворага. Напрыклад, у Пінскім уездзе паручнік Ціт Пуслоўскі сабраў да тысячы байцоў і паспяхова ваяваў з невялікімі атрадамі расіян. На пошукі партызанаў былі кінутыя казацкія і ўланскія сотні і эскадроны. Злоўленых са зброяй паўстанцаў расстрэльвалі на месцы затрымання.

Пасля штурму Варшавы ў верасні 1831 года паўсталых ліцвінаў дабівалі метадычна і жорстка. Паводле ацэнак гісторыкаў, у 1831 годзе ў землях ВКЛ у паўстанчых атрадах налічвалася да 15 тысяч байцоў. Дык што партызанскія дзеянні ліцвінаў супраць царскіх войскаў можна назваць масавымі. На жаль, раз'яднанасць, адсутнасць адзінага цэнтра, недасведчанасць ваенных правадыроў звялі ўсе тактычныя поспехі да поўнага нуля.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках